У сваім артыкуле на старонках часопіса “Наша вера” Алена Вальчук, кандыдат філалагічных навук, разглядае вялікі ўнёсак у адукацыю на землях ВКЛ айцоў-езуітаў, нараджэнцаў Іспаніі.
У другой палове ХVI ст. прадстаўнікі «Таварыства Езуса» былі запрошаны на вялікалітоўскія землі, дзе актыўна ўключыліся ў працэс фармавання адукацыйнай сістэмы і пашырэння ведаў. Адкрыццё езуіцкіх навучальных установаў выявіла неабходнасць у забеспячэнні іх высокаадукаванымі выкладчыкамі, якія накіроўваліся з іншых краінаў і мелі рознае паходжанне, у тым ліку і іспанскае.
Так, з 1567 г. у Віленскім езуіцкім калегіуме Святое Пісанне і маральную тэалогію выкладаў нараджэнец Бэхара Антоніа Арыяс. Дзякуючы выдатнай падрыхтоўцы (засвойваў філасофію ў Алькала дэ Энарэс, дзе ў 1566 г. уступіў у ордэн, затым працягнуў навучанне багаслоўю ў Арыямбры, Пласэнсіі (Іспанія) і Рыме), ён, пасля ператварэння калегіума ў акадэмію, узначаліў кафедру схаластычнай тэалогіі, а ў 1583 г. атрымаў ступень доктара ў гэтай галіне. Усведамляючы неабходнасць удасканалення сістэмы ордэнскага навучання на беларуска-літоўскіх землях, Арыяс у перыяд з кастрычніка па снежань 1587 г. уваходзіў у склад камісіі, якая працавала над праграмай езуіцкіх школаў. Акрамя таго, дзякуючы глыбокай абазнанасці ў тэалогіі, прафесар Віленскай акадэміі стаў давераным тэолагам біскупа Юрыя Радзівіла [1].
У 1578 г. у вучэльні быў адкрыты першы тэалагічны курс, што стала прычынай прыезду ў Вільню ў якасці выкладчыка іспанца Г. Алаб’яна. Нараджэнец Тарагоны, якая на той час належала да правінцыі Арагона, ён у 1567 г. уступіў у ордэн. Навучаючыся, Г. Алаб’яна засвойваў філасофію ў Сарагосе, а тэалогію ў Валенсіі і Барселоне, пасля чаго быў накіраваны ў Рым з мэтаю паглыблення ведаў у гэтай сферы і атрымання навыкаў, неабходных для педагагічнай дзейнасці. Пачынаючы працу ў акадэміі, ён бачыў яе вынікі не толькі ў стварэнні навуковай пляцоўкі, але і ў падрыхтоўцы тэолагаў высокага ўзроўню. Аднак па аб’ектыўных прычынах яму не ўдалося ажыццявіць задуманае: недахоп святароў змушаў айцоў разглядаць студэнтаў тэолагаў у першую чаргу як душпастыраў, а не навукоўцаў. Абранне ў 1585 г. другім пасля П. Скаргі рэктарам Віленскай акадэміі дазволіла Г. Алаб’яна рэалізаваць уласныя арганізатарскія здольнасці: у прыватнасці, ён працягнуў пачатае яго папярэднікам будаўніцтва вучэльні. Прыязнае стаўленне да іспанца з боку манархаў С. Баторыя і Жыгімонта ІІІ дазволіла яму заняць высокія грамадскія пазіцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Дзякуючы духоўнаму аўтарытэту Г. Алаб’яна стаў спаведнікам кардынала Юрыя Радзівіла. Набліжанасць да яго асобы спрыяла ажыццяўленню планаў іспанца па рэфармаванні Касцёла. Як адзначае С. Беднарскі, у гэтай справе святар «на працягу некалькіх гадоў, нягледзячы на вялікія цяжкасці, станоўча ўплываў на кардынала» [2]. Прызначаны ў 1592 г. на кракаўскае біскупства, Юрый Радзівіл пакідае вялікалітоўскія абшары, а дзякуючы яго садзейнічанню з Вільні выпраўляецца Г. Алаб’яна [3].
Пасля выдання ў 1588 г. у Семіграддзі дэкрэта, скіраванага супраць езуітаў, у Вільню перабраўся Мігель (Міхал) Арціс. Тут іспанец па паходжанні (нарадзіўся ў горадзе Віторыя ў Кастыліі), які пасля заканчэння класа паэтыкі ўступіў у Саламанцы ў ордэн (1577), дзе працягнуў навучанне, засвоіўшы рыторыку (з 1579 г.), філасофію (1581–1583), тэалогію (1584– 1587), быў прыняты на пасаду выкладчыка прамоўніцкага майстэрства ў акадэміі. Атрымаўшы на пачатку 1591 г. ступень магістра мастацтваў і філасофіі, ён пераходзіць на кафедру філасофіі. Займаючыся не толькі гэтай навукай, але і тэалогіяй, Арціс у 1594 г. становіцца доктарам і пачынае працаваць на тэалагічным факультэце, выкладаючы каментарый да І часткі «Сумы тэалогіі» св. Тамаша Аквінскага. Пазней ён займае ганаровую пасаду канцлера згаданай навучальнай установы.
Узначаліўшы езуіцкі калегіум у Калішы, М. Арціс пакідае на нейкі час Вільню, куды вяртаецца ў 1605 г. у сувязі з прызначэннем яго рэктарам акадэміі. Нягледзячы на тое, што перыяд кіравання вучэльняю нараджэнцам Іспаніі быў азмрочаны нападкамі на прадстаўнікоў ордэну, якіх абвінавачвалі ў змове з Габсбургамі з мэтаю ўсталявання на тэрыторыі Рэчы Паспалітай абсалютызму, ён адчуваў сябе ў бяспецы, паколькі, будучы дарадцам і тэолагам Міхала Крыштофа Радзівіла Сіроткі, знаходзіўся пад яго абаронаю. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1608 г., калі ўтварыліся дзве правінцыі – польская і літоўская, М. Арціс застаўся ў апошняй і з восені таго ж года пачаў выкладаць ордэнскае права і кіраваць аскетычнымі практыкамі маладых езуітаў пасля заканчэння імі штудый т.зв. трэцяй прабацыі ў Нясвіжы. Тут жа ў перыяд з 1616 па 1620 гг. ён займаў пасаду рэктара і «быў прэфектам вышэйшых штудый (маральная і палемічная тэалогія)». Паводле Б. Натонскага, «у літоўскай правінцыі высока цаніліся веды і дасведчанасць Арціса» [4], таму ён уваходзіў у яе раду, а падчас кангрэгацый выконваў адпаведныя яго ўзроўню абавязкі. У 1622 г. Арціс быў абраны кіраўніком вялікалітоўскай правінцыі. Дбаючы пра пашырэнне ордэнскіх інстытуцый, ён пры дапамозе С. Касабуцкага ўвасобіў у жыццё план Стэфана Баторыя, які меў на мэце заснаванне рэзідэнцыі езуітаў у Гародні, а ў Наваградку набыў пляц пад будучае будаўніцтва калегіума і касцёла. Значную ўвагу рэктар надаваў Віленскай акадэміі, што паступова аднаўлялася пасля пажару 1610 года. Ён загадаў збудаваць бібліятэку і дамовы шпіталь, а таксама ўпарадкаваць архіў. Акрамя таго, атрымаўшы дазвол ад генерала ордэну М. Віталескі і заручыўшыся фінансавай падтрымкай генеральнага старосты Жмудзі Г. Валовіча, М. Арціс намерваўся адкрыць у акадэміі факультэт права і медыцыны, але па невядомых прычынах яму не ўдалося здзейсніць задуманае. Пасля сыходу з пасады правінцыяла ён у другі раз быў абраны рэктарам калегіума ў Нясвіжы і заставаўся ім на працягу 1627–1630 гг. Тут жа М. Арціс правёў апошнія гады жыцця, дапамагаючы тым, каму гэта было неабходна, у вырашэнні складаных маральна-этычных праблемаў, і сышоў у іншы свет у 1638 годзе [5].
З Віленскай акадэміяй звязаў свой лёс і Хаймэ (Якуб) Арціс – брат Міхала. У 1594 г. іспанец – нараджэнец андалусійскага горада Кабра, які валодаў неабходным узроўнем ведаў (сярэднюю адукацыю атрымаў у Манцільі, а затым на працягу трох гадоў вывучаў філасофію і прайшоў паўгадовы курс тэалогіі ў Кордабе, дзе ў 1583 г. уступіў у езуіцкі ордэн), нягледзячы на адсутнасць навуковага звання, быў запрошаны на пасаду выкладчыка філасофіі, якая вызвалілася ў сувязі з пераходам яго брата на тэалагічны факультэт. У 1595 г. пасля хадайніцтва М. Сміглецкага перад генералам ордэну К. Аквавівам Я. Арціс атрымаў дазвол на атрыманне ступені магістра мастацтваў і філасофіі. У перыяд з 1596 па 1598 гг. ён вярнуўся да каментавання філасофскіх лістоў Арыстоцеля.
Пераехаўшы ў Познань і прапрацаўвашы ў мясцовым калегіуме некаторы час, Я. Арціс у жніўні 1601 г. вяртаецца ў Вільню, каб замяніць свайго брата на кафедры дагматычнай тэалогіі ў акадэміі. У 1603 г. ён стаў доктарам у гэтай галіне ведаў, а ў 1609 г. узначаліў канцылярыю вучэльні. Пасля моцнага пажару ў 1610 г., у выніку якога пацярпелі ў тым ліку і будынкі акадэміі, Я. Арціс пакідае Вільню і зноў прыязджае ў горад пасля завяршэння іх адбудовы ўлетку 1613 года. Неўзабаве ён быў абраны на пасаду канцлера і захаваў за сабой гэты статус да канца жыцця.
Будучы прафесарам дагматычнай тэалогіі, Я. Арціс да 1619 г. каментаваў «Суму тэалогіі» св. Тамаша Аквінскага, у першую чаргу абапіраючыся на працы Грыгорыя Валенсійскага. Ідучы за Ф. Суарэсам у адмаўленні розніцы паміж такімі катэгорыямі як «сутнасць і існасць», ён садзейнічаў пашырэнню ідэяў іспанскага філосафа на вялікалітоўскіх абшарах.
Акрамя таго, Я. Арціс быў дарадцам рэктара Віленскай акадэміі, чальцом рады правінцыі (1614–1618), удзельнічаў у кангрэгацыі літоўскай правінцыі (належаў да яе з 1608 г.). Прафесар памёр у 1625 г. у Нясвіжы, куды пераехаў разам са студэнтамі тэолагамі, хаваючыся ад эпідэміі, што ў той час ахапіла Вільню [6].
Пацвярджэннем высокага ўзроўню навуковых ведаў айцоў езуітаў — нараджэнцаў Іспаніі, стаў зварот у 1622 г. кангрэгацыі літоўскай правінцыі да генерала ордэну аб накіраванні іх суайчынніка ў Віленскую акадэмію ў якасці прафесара схаластычнай тэалогіі, здольнага працягнуць традыцыі сваіх братоў у згаданай вучэльні. Просьба была задаволеная, і ў 1624 г. у Вільню прыбыў Бэніта (Бэнэдыкт) дэ Соха, які паходзіў з Баэсы, размешчанай недалёка ад Гранады. Скончыўшы клас рыторыкі, ён уступіў у 1602 г. у Манцільі ў ордэн, пасля чаго, адбыўшы двухгадовы навіцыят, на працягу года атрымліваў адукацыю ў настаўніцкай семінарыі, затым вывучаў філасофію ў Севільі (1605–1608), а тэалогію — у Гранадзе (1608–1612), дзе ў 1611 г. прыняў святарскі сан. Да пераезду ў Вільню Б. дэ Соха атрымаў на працягу дванаццаці гадоў значны педагагічны вопыт: тры гады ён прысвяціў выкладанню
рыторыкі ў іспанскіх езуіцкіх калегіумах, чатыры — філасофіі ў Кордабе і пяць — маральнай тэалогіі ў Гранадзе. Акрамя таго, ён выконваў абавязкі дырэктара ніжэйшых школаў, быў прэфектам студэнцкай кангрэгацыі. У Іспаніі ён атрымаў ступень магістра філасофіі і вызваленых навук.
Па прыбыцці на вяліка літоў скія землі Б. дэ Соха стаў працаваць на кафедры схаластычнай тэалогіі Віленскай акадэміі і выкладаў гэтую дысцыпліну да 1631 года. У 1625 г. ён атрымаў званне доктара тэалогіі. Захаваўся рукапіс яго лекцый «Tractatus de venerabili Eucharistiae sacramento…», датаваны 1626 годам. Заснаваны ў асноўным на вучэнні св. Тамаша Аквінскага, ён таксама грунтаваўся на ідэях іспанскіх аўтараў [7].
З невялікімі перапынкамі на працягу 1624–1641 гг. і ў перыяд з 1641-га па 1649 г. Б. дэ Соха, дасведчаны ў кананічным праве, займаўся вырашэннем маральных казусаў (praefectus casuum), садзейнічаючы маладым святарам у здабыцці тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў, звязаных з маральнай тэалогіяй і таямніцай споведзі.
Ад моманту прыбыцця ў Вільню іспанскі езуіт быў дарадцам рэктара калегіума, а з 1641-га па 1646 г. – правінцыяла. З 1627 г. на працягу амаль 20 гадоў ён займаў спачатку пасаду канцлера (1628–1630), а пасля віцэ-канцлера (1630–1643; 1646–1649) Віленскай акадэміі. У 1633–1634 гг., знаходзячыся ў Нясвіжы, дэ Соха інструктаваў маладых святароў падчас гадавых штудый духоўнасці і ордэнскага права так званай ІІІ прабацыі.
Вярнуўшыся ў Вільню, ён у 1635–1636 гг. выконваў абавязкі рэктара папскай і дыяцэзіяльнай семінарыі. Акрамя таго, у 1636 г. ім была падрыхтавана граматыка польскай мовы «Praecepta grammaticae linguae Polonicae», адрасаваная замежнікам, якія прыехалі працаваць у Рэч Паспалітую (мяркуецца, што яна так і не з’явілася ў друкаваным выглядзе). Як прэфект Б. дэ Соха ажыццяўляў кіраўніцтва вышэйшымі акадэмічнымі штудыямі (1630–1646), уплываючы на агульны ўзровень акадэмічных школаў. У 1641 г. ён суправаджаў інспектара літоўскай правінцыі Ф. Банфі, наведваючы разам з ім ордэнскія дамы. У час гэтай працы святар меў магчымасць выказваць свой погляд на планаваны працэс падзелу польскіх правінцый. Абраны ў 1643 г. рэктарам калегіума і Віленскай акадэміі, іспанскі езуіт у гэтым жа годзе меў гонар вітаць ад яе імя манархаў Уладзіслава ІV Вазу і яго жонку Цэцылію Рэнату, якія прыбылі ў Вільню.
Садзейнічаючы далейшаму развіццю акадэмічнай установы, Б. дэ Соха прыкладае немалыя намаганні для таго, каб у ёй быў адкрыты новы факультэт кананічнага і грамадзянскага права. Акрамя таго, ён спрыяе пераезду ў 1644 г. з Інгальштадта ў Вільню прафесараў Я. Е. Шаўэра і А. Алізароўскага (кананічнае права), а таксама Ш. Дзільгера (грамадзянскае права). Усведамляючы неабходнасць забеспячэння навучальнага працэсу неабходнай літаратурай, Б. дэ Соха выдае ў 1648 г. працу «Сlaves iuris», якая ўключала ў сябе асноўныя прынцыпы рэлігійнага, рымскага і грамадзянскага права, сфарміраванага на землях Рэчы Паспалітай. Цытуючы не толькі сярэднявечных каментатараў, але і айцоў езуітаў, у прыватнасці А. Барбосу, аўтар садзейнічаў распаўсюджванню іх ведаў на вялікалітоўскіх землях.
Як рэктар Віленскай акадэміі Б. дэ Соха быў дэлегаваны ад літоўскай правінцыі ў Рым, дзе ў 1645–1646 гг. праходзіла VIII Генеральная Кангрэгацыя, і прыняў удзел у выбарах новага генерала ордэну — В. Карафы. У другой палове 1646 г. ён пакінуў пасаду рэктара, але не парываў сувязі з вучэльняй, дапамагаючы парадамі свайму наступніку, а таксама працягваў спавядаць. Вывезены айцамі езуітамі з Вільні падчас наступлення маскоўскага войска на горад у 1655 г., Б. дэ Соха выправіўся ў Бельгію [8]. Відавочна, што гады яго рэктарства былі вельмі плённымі для развіцця Віленскай акадэміі, якая ў гэты час «перажывала адзін з найлепшых перыядаў сваёй гісторыі» [9].
Маючы неабходны навуковы досвед і будучы здольнымі арганізатарамі, айцы езуіты — нараджэнцы Іспаніі, зрабілі важкі ўнёсак у развіццё на абшарах Вялікага Княства Літоўскага адукацыі еўрапейскага ўзроўню.
Алена Вальчук – кандыдат філалагічных навук. Нарадзілася ў Брэсце. Закончыла філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Пушкіна (1999), аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2002). У 2010 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Біблейскія матывы ў творчасці Янкі Купалы”. Даследуе беларуска-іспанскія літаратурныя ўзаемасувязі.
1. Poplatek, J. Arias Antoni / J. Poplatek // Polski Słownik Biograficzny. Т. 1. – Kraków, 1935. — S. 157.
2. Bednarski, St. Alabiano Garcia / St. Bednarski // Polski Słownik Biograficzny. Т. 1. — Kraków, 1935. — S. 40.
3. Тамсама.
4. Natoński, B. Ortiz Michal (Migel) / B. Natoński //Polski Słownik Biograficzny. Т. ХХIV. – Wrocław– Warszawa–Kraków–Gdańsk, 1979. — S. 268.
5. Тамсама.
6. Natoński, B. Ortiz Jakub / B. Natoński // Polski Słownik Biograficzny. Т. ХХIV. – Wrocław–Warszawa–Kraków–Gdańsk, 1979. — S. 266–267.
7. Grzebień, L. Soxo Benedykt (Benito) de / L. Grzebień// Polski Słownik Biograficzny. Т. XLI. – Warszawa–Kraków, 2002. — S. 24.
8. Тамсама. С. 24–25.
9. Тамсама. С. 24
Упершыню надрукавана ў часопісе “Наша вера” №3 (77) 2016
Ілюстрацыя з сайта Вільнюскага ўніверсітэта