Кіраўнікі кракаўскай бурсы для моладзі – установы апекі і выхавання для юнакоў, якія навучаюцца па-за сямейным домам у гімназіях і сярэдніх школах – Анджэй Нічыпар і Івона Малэк у сваім артыкуле разглядаюць асноўныя пастулаты і характэрныя рысы ігнацыянскай педагогікі, якая выкарыстоўваецца ў езуіцкіх адукацыйных установах.

Некаторых святых і благаслаўлёных мы называем вялікімі выхаваўцамі. Ці св. Ігнацый таксама знаходзіцца ў іх ліку? Што сёння можа прапанаваць моладзі ігнацыянская педагогіка?

Спрабуючы адказаць на гэтае пытанне, трэба звярнуцца да вытокаў ігнацыянскай педагогікі. Джон У. О’Мэллі SJ заўважае, што св. Ігнацый жыў у эпоху, калі аргументы ў падтрымку ўнутранай узаемасувязі паміж выхаваннем і праведным жыццём загучалі з новай сілай з часоў Петраркі, бацькі гуманізму, які першым у сярэдзіне XIV ст. распачаў яе папулярызацыю. Перакананасць у тым, што добрая літаратура ўплывае на фармаванне цнотаў, была асноўнай ідэяй гуманістычнага руху. І менавіта адсюль езуіты зачэрпнулі шмат элементаў сваёй педагогікі, якая пазней была інтэнсіўна рэалізавана ў шматлікіх навучальных установах. Акрамя вялікай веры ў выхаванне, езуіты не выпрацавалі якой-небудзь уласнай арыгінальнай педагагічнай сістэмы – абапіраліся хутчэй на створанае на той час гуманістамі, што не адмаўляе таго факту, што ігнацыянская педагогіка ўвяла ў галіну выхавання шмат новых і арыгінальных элементаў.

Што ў ёй з’яўляецца novum і адкуль бярэ натхненне? Фундаментам ігнацыянскай педагогікі з’яўляюцца “Духоўныя практыкаванні” св. Ігнацыя Лаёлы, якія часта атаясамліваюцца з ігнацыянскімі рэкалекцыямі. І хоць там сапраўды ёсць вельмі практычныя заўвагі (напрыклад, правілы распазнавання духаў), але іх рэдка звязваюць з адпаведным педагагічным метадам. Акрамя таго, аўтар “Практыкаванняў” часцей вядомы хутчэй як рыцар, што навярнуўся, чым як дасведчаны выхаваўца.

Змест “Практыкаванняў” стаў навіной не толькі ў Касцёле, але таксама і ў педагогіцы галоўным чынам праз тое, што яны сталі своеасаблівай дарогай да духоўнай сталасці, з’яўляючыся надзвычай каштоўным метадам выхавання. Як прыклад практычнай адаптацыі зместу да патрэбаў дадзенага перыяду, можна прыгадаць хоць бы постаць а. Яна Галіча SJ – вялікага педагога XIX ст., які ў выхаванні маладога пакалення бачыў паратунак для хрысціянскага свету. З “Духоўных практыкаванняў”, якія вельмі высока цаніў, гэты езуіт чэрпаў сілы і ідэі для сваёй творчай, знешне непрыкметнай педагагічнай дзейнасці.

Акрамя “Практыкаванняў” вельмі каштоўныя думкі наконт выхавання св. Ігнацый змясціў у шматлікіх лістах, скіраваных рэктарам калегіумаў. Напрыклад, да а. Урбана Фернандэля – новапрызначанага рэктара калегіума ў Каімбры – у чэрвені 1551 г. Ігнацый піша ліст, у якім тлумачыць сутнасць паслухмянасці, узгадваючы адначасова аб інтэнцыі распачатых дзеянняў. Падкрэслівае таксама прыярытэт прагрэсу ў цноце над поспехамі ў вучобе, чым выходзіць за межы згаданых раней пастулатаў гуманістаў. У лісце да а. Антонія Брандо (таксама чэрвень 1551 г.) айцец Ігнацый падае  некаторыя рэкамендацыі адносна духоўнага жыцця падчас навучання. Карысныя думкі аб выхаванні можна знасці і ў прыгожым і вельмі глыбокім “Лісце аб дасканаласці”, напісаным у маі 1547 г.

Характэрныя рысы ігнацыянскай педагогікі

Сярод шматлікіх адметнасцяў езуіцкага выхавання, якія ўнеслі свой уклад у новы міжнародны стыль выхавання, асаблівай увагі заслугоўвае тое, што езуіцкія школы, прапануючы гуманістычную адукацыю, належнае месца адводзілі фармаванню характару. Больш таго, прынялі празрыстую, зладжаную і ў асноўным простую рэлігійную праграму, дапасаваную да рознага ўзросту і паходжання вучняў. Фармацыя адбывалася ў духу глыбокай павагі да выхаванцаў.

Фармаванне характару засноўвалася перадусім на выхаванні да самапазнання, да ацэнкі і фармавання ўласнага свету пачуццяў, каб у гэтым кантэксце навучыцца праходзіць праз крызісы і няўдачы, а таксама пастаянна пераадольваць сябе (Vince te ipsum – ДП 21). Св. Ігнацый падкрэсліваў уплыў пачуццяў на практычнае суджэнне; кажучы аб пачуццях, ён ужывае дзве фармуліроўкі: affectus caritatis i caritas discreta, дзе першая азначае пачуццё любові да Бога і Ягонага вобраза ў чалавеку, а другая – любоў разважлівую, якая ўмее не толькі шмат хацець, але і мудра выбіраць.

Пераадольванне сябе – адзін з галоўных элементаў ігнацыянскай духоўнасці, увасоблены потым у педагагічнай праграме. Гаворка галоўным чынам ідзе аб адмаўленні ад самалюбства, пераадольванні ўласных памкненняў дзеля дабра іншых, або адрачэнне ад сябе і перамаганне крыніц граху. Вынікам стане глыбокі супакой сэрца і сапраўдная хрысціянская радасць (ДП 189). Заклік пераадольвання сябе актуальны на ўсіх этапах узрастання выхаванца да святасці, бо ў гэтым заключаецца агульная мэта хрысціянскага выхавання.

Несумненна важным аспектам фармавання волі ёсць прад’яўленне выразных патрабаванняў, пры тым, што знешняя дысцыпліна павінна весці да ўнутранай ідэнтыфікацыі з каштоўнасцямі, якія рэпрэзентуе і якімі жыве штодня сам выхаваўца (т.зв. інтэрыярызацыя каштоўнасцяў). Самадысцыпліна павінна стаць плёнам гэтага працэсу. Такім чынам, ідэал выхавання рэалізуецца ў тым, што знешні кантроль пераходзіць у самакантроль.

Magis-максамалізм – чарговы пасулат, глыбока ўкаранёны ў ігнацыянскую педагогіку.  Сёння лёгка збочыць у пасрэднасць, лёгка знайсці аргументы, каб не прысвячацца чаму-небудзь “зашмат”. Тымчасам знакаміты амерыканскі псіхолаг і прадстаўнік гуманістычнай псіхалогіі Абрагам Маслоў сцвердзіў, што чалавек толькі тады можа ўзрастаць духоўна і асабіста, калі прымае выклікі, якія ў нечым перарастаюць яго. Але ёсць і другі бок медаля – як дзейнічаць, каб выбар і рэалізацыя magis не прынялі форму духоўнага фанатызму ці перабольшанага актывізму? Можна меркаваць, што разважлівае распазнаванне адказу на заклік да magis з’яўляецца добрым лекам на страх перад веліччу, адшуканнем і развіццём атрыманых ад Бога талентаў (“комплекс Ёны”), абаронай супраць высілку несці веру ў свет, а таксама перад настойлівасцю ў прыняцці адказных рашэнняў.

Рэлігійнае выхаванне ў езуіцкіх асяродках заўсёды ўключала ў сябе між іншым штодзённы ўдзел у святой Імшы і Камунію, сакрамэнт пакаяння і прымірэння, малітву, казанні, рэкалекцыі, духоўнае чытанне, пілігрымкі, духоўнае кіраўніцтва. Варта падкрэсліць, што рэлігійная праграма ў езуіцкіх установах (асабліва ў школах і канвіктах-бурсах) мела на мэце выхад па-за чыста знешнія рэлігійныя практыкі і суправаджэнне ў кірунку ўнутранага засваення і перажывання рэлігійных і этычных каштоўнасцяў.

Ігнацыянская педагогіка вельмі выразна паказвае, што Бог ёсць першым і найважнейшым Фарматарам і Выхаваўцам, які ў Хрысце дае тым, хто выхоўвае, і тым, каго выхоўваюць, выразны прыклад жыцця (ДП 104). Адсюль уся педагагічная дзейнасць павінна падпарадкоўвацца перадусім камуніі з Богам, які ёсць Крыніцай і Мэтай выхавання, што ажыццяўляецца ў фармацыі, якая палягае на “адкрыцці і даследванні сэнсу чалавечага жыцця <…> у як мага паўнейшым развіцці ўсіх талентаў, дадзеных Богам кожнай асобе” (пар. “Характэрныя рысы езуіцкага выхавання”, Кракаў 1989, п. 25 і 32, с. 9-10).

Педагагічнае ўздзеянне павінна ахопліваць усяго чалавека – яго псіхафізічную, сацыяльную і духоўную сферы. У наш час у псіхалогіі акцэнтуецца, што сталая рэлігійнасць можа будавацца толькі на сталай асабовасці, што найлепш адлюстроўвае вядомая максіма Gratia supponit naturam. Многія з выхаваўцаў, працуючы з моладдзю, звяртаюць увагу, што сёння ўсё меншую ролю грае звычайная катэхэза – “сухая” лекцыя аб праўдах веры; маладыя людзі ўсё больш прагнуць адчуць Касцёл як супольнасць і дасведчыць Бога як безумоўна любячага Айца. У гэтым кантэксце вельмі патрэбная дапамога душпастыраў і выхаваўцаў у складаных пытаннях, звязаных з асабовасцю выхаванцаў. У дыялогу з маладымі людзьмі трэба звяртацца больш да іх паўсядзённасці, каб пачуццё, што іх разумеюць, было апорнай кропкай, свайго роду фарпостам, зыходзячы з якога можна спрабаваць прывіць жыццё ў веры. Гаворка ідзе аб тым, каб адукацыя была спалучана з евангелізацыяй. Магчыма, больш актуальнымі і трапнымі формамі перадачы веры могуць стаць сёння тэатральная творчасць, пантаміма, фільм, майстар-класы або семінары на тэму міжасабовых кантактаў, спевы, вандроўкі і г.д.

Чарговая адметнасць ігнацыянскай педагогікі ў тым, што навучэнцаў любяць, ведаюць іх асабіста і цешацца поўным павагі familiaritas з імі, інакш кажучы, добрым знаёмствам і сяброўствам. Вялікае значэнне мае атмасфера даверу і зычлівасці, якая спрыяе асягненню мэты выхавання. Дарэчы, падобны пастулат падтрымліваў і развіваў таксама св. Ян Боско, які лічыў, што маладыя людзі маюць натуральны дар распазнавання дабра, якое робіцца для іх, і ў гэтым павінен быць перакананы кожны выхаваўца. Гаворка не ідзе аб культываванні нейкай нездаровай сентыментальнасці або “мяккацеласці” ў выхаванцаў, але аб тым, каб яны ўсведамлялі, што любоў ідзе поруч з патрабаваннямі. Спалучэнне лагоднасці, разумення і эмпатыі з патрабавальнасцю і адказнасцю вымагае велізарнай сталасці ад выхаваўцы – не толькі ў сферы асабовай, але ў духоўнай таксама.

Ігнацыянская фармацыя скіраваная на індывідуальнага чалавека, таму заўсёды актуальным з’яўляецца асабісты падыход, у выніку чаго выхаванец сам усведамляе неабходнасць і хоча супрацоўнічаць у працэсе фармавання сябе самога. Сувязь між настаўнікам-выхаваўцам і вучнем-выхаванцам павінна быць такой, як у духоўнага кіраўніка з рэкалектантам, чые адносіны з’яўляюцца адпаведным прыкладам ролі выхаваўцы як праўдзівага сведкі каштоўнасцяў, якія ён дае выхаванцу дзеля прызнання і прыняцця. У езуіцкай педагогіцы асноўная ўвага прысвечана таму, каб дапамагчы маладому чалавеку адкрыць свабоду, умець атрымліваць ад яе асалоду і добра ёй карыстацца, развіваючы ў сабе паставу і жаданне ўзрастаць у гэтым вялікім дары на працягу ўсяго жыцця. Калі маладыя людзі пачынаюць самастойна адкрываць цяжкасці і перавагі асабістага развіцця, то прыходзяць да ўсё больш асабістай і сталай веры. Гэта можна праілюстраваць на наступнай схеме: Бог ––> свабода, каб Яго выбраць ––> фармаванне волі, каб добра карыстацца свабодай.

Ігнацыянская педагогіка ў езуіцкіх навучальных установах

Ігнацыянская педагогіка ахоплівае самыя розныя асяроддзі, пачынаючы ад сярэдніх школ, уключна з magis-супольнасцямі моладзі, заканчваючы ўніверсітэцкай адукацыяй. Адным з месцаў, дзе Таварыства Езуса асаблівым чынам спрабуе ажыццяўляць педагагічную задуму св. Ігнацыя, з’яўляюцца бурсы. У польскай паўднёвай правінцыі дзейнічаюць дзве ўстановы такога тыпу – у Новым Сончы і ў Кракаве. Хлопцы, якія жывуць у бурсах, маюць шмат магчымасцяў штодня спатыкацца з галоўнымі пастулатамі ігнацыянскай педагогікі: фармаванне характару праз спартовыя заняткі, тэатр, абавязковае штодзённае дзяжурства, вучобу; рэлігійнае выхаванне праз удзел у Эўхарыстыі, набажэнствах, рэкалекцыях або ў любімых многімі “вячэрніх дэбатах”. У бурсах ствараецца поўная павагі сувязь між выхаваўцамі і выхаванцамі, хоць на практыцы гэта прымае розныя формы – выразных патрабаванняў, канфрантацыі ці вызначанай сістэмы пакаранняў і ўзнагарод. Пастулат magis адкрывае выхаванцам шлях да новых ідэй у развіцці ўласных захапленняў і талентаў, магчымасць шукаць творчыя рашэнні і эксперыментаваць. Для многіх нашых выхаванцаў прабыванне ў бурсе стала свайго роду школай жыцця.

Высновы 

Ці можна назваць св. Ігнацыя Лаёлу Святым Выхаваўцам? Шмат аспектаў і фактаў з жыцця св. Ігнацыя, яго духоўная спадчына, а таксама сучасная дзейнасць езуітаў у галіне выхавання з’яўляюцца дастатковым доказам таго, што св. Ігнацыю Бог даў дасканалую педагагічную і псіхалагічную інтуіцыю, а таксама вялікае, спагаднае і шчодрае сэрца Выхаваўцы. “Духоўныя практыкаванні” змяшчаюць шмат мудрых і дагэтуль актуальных парадаў, як ставіцца да выхаванца і спадарожнічаць яму. Застаецца пажадаць, каб канцэпцыя ігнацыянскай педагогікі рупліва ажыццяўлялася і прыносіла благаслаўлёны плод у жыцці як выхаванцаў, так і іх выхаваўцаў.

Анджэй Нічыпар (Andrzej Niczypor) SJ – дырэктар бурсы, псіхолаг, доктар маральнай тэалогіі; Івона Малэк (Iwona Małek) – намеснік дырэктара бурсы і выхаваўца, магістр у галіне апекі і выхавання.