Практыкаванне ігнацыянскай духоўнасці часта радыкальна змяняе жыццё чалавека. Але як яе можна акрэсліць? Чым яна прыцягвае да сябе людзей?
Тэрмінам духоўнасць часта ахопліваць занадта шмат пытанняў і з’яў. Мы будзем мець на ўвазе ў гэтым артыкуле пэўны метад духоўнага развіцця, шлях, якім чалавек ідзе, каб развіваць сваё духоўнае жыццё. Дарогі, метады, спосабы насамрэч вельмі адрозніваюцца ў залежнасці ад рэлігіі і нават асаблівасцяў унутры адной рэлігіі.
Хрысціянская духоўнасць (якая нас найбольш цікавіць) – гэта дарога, метад, спосаб духоўнага развіцця, які палягае на …наследаванні Езуса Хрыста. Так. Бог прыйшоў у свет і паказаў, што значыць быць у поўні чалавекам, а значыць і ў духоўным аспекце таксама. Калі я маю жаданне духоўна развівацца, мне трэба браць прыклад з Езуса. Маліцца, як Ён, размаўляць, будаваць такія ж міжасабовыя сувязі, як Ён, працаваць, служыць і г.д. Іншымі словамі, хрысціянская духоўнасць засноўваецца на тым, каб мацней любіць – Бога, сябе і іншых – таму што для Езуса найважнейшай была любоў.
Як выглядае справа з адметнасцямі ўнутры хрысціянства? Рознасць заключаецца ў шляхах, метадах, спосабах пераймання Езуса і ўзрастання ў любові. Хрысціянскія па сваёй аснове, яны акцэнтуюць розныя спосабы прыпадабнення да Езуса. Напрыклад, францішканская духоўнасць будзе дапамагаць хрысціяніну наследаваць Езуса ва ўбостве і радасці. Марыйная духоўнасць будзе фармаваць стыль аддання сябе Марыі, каб Яна выхоўвала нас так, як выхоўвала Езуса, і каб мы былі падобныя да Яго.
Ігнацыянская духоўнасць падкрэслівае паслухмянасць Езуса і Яго гатоўнасць да місіі. Езуіцкая духоўнасць – найбольш значны рух рэлігійнага аднаўлення ў эпоху Новага часу. Яна з’яўляецца плёнам асабістага досведу св. Ігнацыя Лаёлы і Божым дарам для Касцёла. Гэты асаблівы падыход да духоўнага жыцця вучыць нас актыўнай уважлівасці да Бога, пабуджае таксама да велікадушнага адказу на заклік Духа, які няспынна дзейнічае ў чалавечых сэрцах.
Езуіты, а таксама асобы, уключаныя ў разнастайную ігнацыянскую дзейнасць, часта згадваюць аб “нашым спосабе дзеяння”. Складана вычарпальна акрэсліць гэты збор поглядаў, звычаяў і каштоўнасцяў, якія надаюць ігнацыянскай справе яе характэрны абрыс. Ігнацый Лаёла, заснавальнік езуітаў, прысвяціў шмат увагі “нашаму спосабу дзеяння”, калі апрацоўваў Канстытуцыі Таварыства Езуса. Зрэшты, яго больш цікавіў цэласны падыход да асобы, чым фармуляванне правіл. Ён не вызначыў езуіцкую паставу дэталёва, але цаніў пэўны спосаб мыслення, малітвы і паводзінаў.
Бачанне жыцця, працы і любові
У “Духоўных практыкаваннях” Ігнацый Лаёла прадстаўляе нам сваё бачанне ў трох злучаных між сабой практыкаваннях: “Пачатак і аснова”, “Заклік Караля” і “Сузіранне дзеля адшукання любові”. Яго візія датычыць светаўспрымання ў цэлым, інакш кажучы, ахоплівае стаўленне да жыцця і ўзрастанне ў адносінах з Богам.
Часта можна пачуць: “Паверу, калі ўбачу”. Ігнацый жа змяняе чарговасць у гэтым выразе: “Калі паверу, тады ўбачу”. Святы заўважыў, што бачанне, якое носім у сваім сэрцы і розуме (можна сказаць, перадразуменне), мае велізарны ўплыў на ўспрыманне рэчаіснасці. Калі мяркуем, што свет ёсць змрочным месцам, поўным зла і прагных эгаістаў, якія не любяць Бога і іншых, то дакладна такі свет і такіх людзей будзем бачыць навокал сябе. Наадварот, калі лічым, што наш свет поўны дабрыні і магчымасцяў, што з’яўляецца месцам, якое Бог стварыў і дагэтуль падтрымлівае і любіць, тады менавіта гэткі свет знойдзем перад вачамі. Ігнацый быў перакананы ў тым, што бачанне або візія месціцца ў самым сэрцы нашай сувязі з Богам.
Бачанне, якое дае ігнацыянская духоўнасць
Яна прапануе бачанне жыцця, працы і любові, якое дазваляе нам спасцігнуць, што ёсць да глыбіні праўдзівым адносна Бога і створанага Ім свету. Гэтае бачанне можна знайсці ў “Духоўных практыкаваннях”, якія прызначаныя дапамагчы людзям глыбей увайсці ў лучнасць з Богам. Ігнацыянская духоўнасць выплывае менавіта з гэтай кнігі. Квінтэсэнцыя бачання Ігнацыя сцісла змешчана ў пачатку кнігі ў форме рэфлексіі пад назвай “Пачатак і аснова” (“Фундамент”), дзе гаворыцца аб тым, што Бог, які любіць і стварае нас, хоча заўжды дзяліць з намі жыццё. Мы адказваем з любоўю, калі праслаўляем, шануем і служым Яму ўсім сваім жыццём. Усе рэчы на гэтым свеце таксама створаныя Богам з любові і становяцца дарамі, складзенымі ў нашыя рукі дзеля таго, каб мы лепш пазнавалі Бога і ахвотней адказвалі Яму любоўю на любоў.
У выніку мы выказваем пашану ўсім створаным дарам і супрацоўнічаем з Богам, калі карыстаемся імі так, каб быць добрымі слугамі і ўзрастаць у любові і асабовай цэласнасці, клапоцячыся аб Божым свеце і ягоным развіцці. Аднак, калі які-небудзь Божы дар мы будзем ужываць неналежным чынам або палічым яго цэнтрам жыцця, то тым самым парушым нашую сувязь з Богам і зробім немагчымым уласнае развіццё як любячай асобы.
Таму ў штодзённым жыцці мы павінны захоўваць раўнавагу ў выкарыстанні створаных дароў настолькі, наколькі маем магчымасць выбару і наколькі нас не звязвае адказнасць. Мы не павінны факусіраваць нашыя памкненні на здароўі ці хваробе, заможнасці ці беднасці, поспеху ці няўдачы, кароткім ці доўгім жыцці. Таму што ўсё можа абудзіць у нас большую любоў як адказ на Божае запрашэнне жыць з Ім вечна.
Нашым адзіным жаданнем і адзіным выбарам павінна стаць пастава: хачу і выбіраю тое, што найлепшым чынам вядзе мяне да паглыблення жыцця з Богам.
Першае правіла св. Ігнацыя падкрэслівае, што ўсё стварэнне – дар, які ад Бога паходзіць і да Яго вядзе. Больш таго, “усе рэчы на абліччы зямлі” падараваныя нам, каб нам было лягчэй пазнаць Бога і адказаць узаемнасцю на Яго каханне. Гэта азначае, што Бог прысутнічае ў стварэнні. Выбары, якія робім кожны дзень, альбо набліжаюць нас да Бога, альбо аддаляюць ад Яго. Ігнацый успрымае Бога як Асобу прысутную і не аддаленую ад свету. Бог зацікаўлены драбніцамі нашага жыцця; чалавечая будзённасць мае значэнне ў Яго вачах.
Разважанне “Пачатак і аснова” прадстаўляе нам бачанне жыцця, кіруе нас да яго крыніцы і паказвае сутнасць. Св. Ігнацый неаднарозова вяртаецца ў сваёй кнізе да гэтай асновы, бо яна з’яўляецца фундаментам ігнацыянскага погляду на рэчаіснасць.
Бачанне працы
У чым сутнасць нашай працы ў гэтым свеце? Навошта мы робім тое, што робім? Якія каштоўнасці ўплываюць на прыняцце рашэнняў?
У “Духоўных практыкаваннях” св. Ігнацый ставіць гэтыя пытанні ў кантэксце медытацыі, якая называецца “Заклік Караля”. Прапануе нам уявіць сабе Езуса Каралём, якому належыць пашана і паслухмянасць. Ён – правадыр з досыць амбіцыйнымі планамі. “Хачу перамагчы ўсе хваробы, беднасць і невуцтва, прыгнёт і ўсялякае зло, якое атачае чалавецтва” – кажа Хрыстус. І далей: “Хто хоча далучыцца да гэтай справы, мусіць задаволіцца тымі ж, што і Я, пасілкамі, напоем, адзеннем і ўсім, што спаткаецца нам у дарозе.”
Звернем увагу на дзве асаблівыя рысы гэтага бачання працы. Хрыстус, наш Кароль, кліча нас ісці следам за Ім. Сутнасць гэтага закліку не ў тым, каб спачатку выканаць нейкае спецыяльнае даручэнне; галоўнае – прабыванне з Тым, хто кліча. Яно выражаецца ў форме жыцця на ўзор нашага Караля. Мы мусім падзяліць жыццё Хрыста, думаць, як Ён, і чыніць тое, што Ён.
Другой рысай ёсць заклік да працы з Хрыстом, нашым Каралём. Хрыстус – не той валадар, які з вышыні трона кіруе загады сваім падданым праз іерархію кнізёў, графаў, лордаў і рыцараў. Ён знаходзіцца разам з намі на полі бітвы, у “адных акопах”. Ён сам евангелізуе і ацаляе. Кожны чалавек асабіста запрошаны і пакліканы. Кароль хоча, каб кожны мог далучыцца да Яго. Ініцыятыва належыць Хрысту, і гэта Ён запрашае да ўдзелу і супрацоўнітва.
Перспектыва любові – трэцяя частка ігнацыянскага бачання
Важней за ўсё – Бог любіць нас і прагне ўзаемнасці. У “Духоўных практыкаваннях” шмат увагі прысвечана “Сузіранню дзеля адшукання любові” (ДП 230-237). Зараз мы спынімся на дзвюх заўвагах, якія св. Ігнацый змясціў у пачатку гэтай кантэмпляцыі. Першая кажа аб тым, што любоў трэба ўкладаць больш у справы, чым у словы, а другая, што любоў палягае на ўзаемным даванні абодвух бакоў. “У любові чалавек прагне даць другому тое, што мае”.
Іспанскае слова, ужытае тут Ігнацыем, – „communicar” – азначае дзяліцца або камунікаваць. Закаханыя любяць адно аднаго і дзеляцца тым, што маюць, і гэты абмен ёсць формай камунікацыі. Бог не з’яўляецца звычайным дарыцелем, але Тым, хто любіць і прамаўляе да нас праз даванне. Бог нічога не затрымлівае для сябе.
Канчатковым праяўленнем Яго дару ёсць смерць Езуса. Так Ён дзеліцца сваім жыццём з намі. Дзеліцца з намі таксама працай, якую робіць у гэтым свеце, і таму нашая дзейнасць становіцца формай узаемнай любові. Праца гэта даволі нязвыклая. Праз запрашэнне да супрацоўніцтва Бог праяўляе сваю любоў. У сваю чаргу, мы, адказваючы працай, выяўляем любоў да Яго. Ігнацый задае пытанне: што для нас значыць любоў? Як мы яе выражаем? Як любім Бога, сябе, іншых людзей і свет? Ігнацый запрашае нас адказваць на гэтыя пытанні, сузіраючы, як Бог любіць; Ён не ставіць любові да нас ніякіх межаў.
Ігнацынская духоўнасць у некалькіх словах
Ігнацыянская духоўнасць палягае на свядомай працы над сабой, таму яна даспадобы ўсім тым, хто любіць разважаць, аналізаваць, даследваць, ставіць сабе мэты і паступова, крок за крокам, дасягаць іх. Адпаведныя практыкаванні і падказкі дапамагаюць:
- звяртаць увагу на пачуцці, усведамляць, што з намі адбываецца;
- разумець, што мы адчуваем;
- навучыцца ўплываць на свае пачуцці;
- дзейсна супрацоўнічаць з Богам у працэсе свайго аздараўлення і вызвалення;
- свядома фармаваць сваё сэрца на ўзор Сэрца Езуса Хрыста.