Прапануем фрагмент артыкула мастацтвазнаўцы Тамары Габрусь, якая ў артыкуле «Рэшткі нашай славы і цывілізацыі» знаёміць чытачоў з малавядомымі старонкамі творчасці мастака Напалеона Орды, які пакінуў у сваёй спадчыне шмат выяваў каталіцкіх святыняў. Выбраны фрагмент з артыкула датычыць езуіцкіх святыняў, якія не захаваліся да нашага часу.
Значную ўвагу ў сваіх замалёўках Н. Орда аддаў таксама святыням ордэна езуітаў. На малюнку, выкананым 28 чэрвеня 1875–1876 гг., касцёл езуітаў у Полацку паказаны надзвычай цёпла і аб’ёмна, у больш выразным ракурсе ў параўнанні з пазнейшымі фотаздымкамі, з адлюстраваннем мяккай хвалістай пластыкі купала і верхніх ярусаў вежаў у стылі віленскага барока. «Парадная» плошча перад касцёлам паказана больш падобнай на сядзібны пляц, абкружаны дрэвамі.
Полацк быў першым і апошнім апірышчам езуітаў у Беларусі, духоўным асяродкам дзейнасці гэтага ордэна ў межах Расійскай імперыі, пра што існуе шмат даследаванняў. На працягу паўтара стагоддзя, з 1582 па 1730-я гг. , будынкі полацкай місіі езуітаў былі драўлянымі. Мураваны касцёл быў асвечаны ў гонар Звеставання Дзеве Марыі і св. Стэфана (нябеснага патрона караля-фундатара Стэфана Баторыя) у 1748 годзе. Мураваны калегіум, які разам з касцёлам стварыў велічны архітэктурны ансамбль агульнай плошчай 7180 кв. метраў, пачалі ўзводзіць у 1750 годзе. Будаўніцтва ажыццяўлялася ўласнымі сіламі, нават купал святыні, тэхнічна найбольш складаную частку збудавання, узводзіў манах Габрыэль Лянкевіч, які атрымаў архітэктурную адукацыю ў Заходняй Еўропе. Архітэктанічна касцёл уяўляў трохнававую крыжова-купальную базыліку з дзвюхвежавым фасадам у стылі позняга барока. Вышыня вежаў была каля 60 метраў. Вядома, што на адной з іх мясціўся унікальны гадзіннік работы віленскага майстра Густава Мудні, хаця, паводле фотаздымка пачатку ХХ ст., гадзіннікі і званы былі на абедзвюх вежах. Менавіта моцная горадабудаўнічая актыўнасць велічнага культавага збудавання стала прычынаю таго, што ў 1936 г. верхнія ярусы вежаў разабралі, а канчаткова святыню зруйнавалі ў 1964 г. , падчас халоднай «хрушчоўскай адлігі», пазначанай ваяўнічым атэізмам.
Выява езуіцкага касцёла св. Францішка Ксавэрыя ў Віцебску, на жаль, выканана Н. Ордам толькі эскізна, алоўкам, без падмалёўкі акварэллю, але ў ледзьве бачным малюнку (з надпісам на адвароце: «Віцебск. Беларусь») відавочны тыя ж цеплыня і эстэтычнае захапленне мастака аб’ектам. Краявід велічнага комплексу касцёла і калегіума ў атачэнні жылой забудовы зроблены Ордам з боку Ратушнай плошчы ад маста праз Віцьбу, які зваўся Езуіцкім. Адтуль адкрывалася эфектная сілуэтная панарама ансамбля, размешчанага на складаным рэльефе. Езуіты з’явіліся ў Віцебску ў 1637 годзе. У 1640–1644 гг. за кошт смаленскага ваяводы А. Корвін-Гансеўскага быў пабудаваны першы драўляны касцёл, перабудаваны падчас захопу Віцебска маскоўскім войскам у 1654–1655 гг. у сабор праваслаўнага Аляксееўскага манастыра (у гонар нябеснага патрона маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча), а ў другой палове XVII ст. вернуты езуітам. У 1708 г. рускія войскі па загадзе Пятра І спалілі Віцебск, у выніку чаго згарэлі і драўляныя будынкі калегіума езуітаў.
У 1716 г. на сродкі віцебскага кашталяна Марцыяна Агінскага і мясцовай шляхты пачалося ўзвядзенне мураваных будынкаў касцёла і калегіума. Да 1765 г. кіраўніком будоўлі з’яўляўся Базыль Часновіч. Велічная трохнававая крыжова-купальная базыліка з дзвюхвежавым фасадам была завершана да 1731 г., а кансэкраваная ў 1751 г. , пасля завяршэння аздаблення інтэр’ера. Пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр. Пазней у калегіуме размяшчалася павятовае вучылішча, а з 1822 г. будынак належаў базыліянам, да забароны уніяцтва. У 1843 г. комплекс быў перададзены праваслаўным, а касцёл перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор, у гонар нябеснага патрона расійскага імператара Мікалая І, як і многія іншыя былыя каталіцкія святыні.
Паводле акварэлі Ю. Пешкі пачатку ХІХ ст. і абмераў 1830-х гг. , будынак калегіума далучаўся да касцёла двухпавярховым уваходным аб’ёмам з асобным дахам, над якім узвышалася трох’ярусная гадзіннікавая вежа-званіца з высокім спічаком. У 1872 г. гэтую вежу цалкам разабралі. На малюнку Н. Орды яе няма, але вежы і купал былога касцёла яшчэ мелі фігурныя барочныя завяршэнні-«банькі», якія, паводле праекта 1841 г. губернскага архітэктара А. Порта, меркавалася замяніць на паўсферычныя. Гэты малюнак з’яўляецца бясспрэчным графічным дакументам, які ўдаклад- няе гісторыю помніка, разбуранага ў 1956 г. з мэтай «добраўпарадкавання і рэканструкцыі» цэнтра Віцебска, што прывяло да незваротных стратаў гістарычнай памяці і мастацкага аблічча гэтага старажытнага горада.
Рэзідэнцыі езуітаў звычайна размяшчаліся ў вялікіх старажытных гарадах, акрамя названых, у такіх як Гродна, Брэст, Мінск, Орша, Пінск, Магілёў, Бабруйск, Наваградак, Ваўкавыск, Слуцк, але часам, па запрашэнні ўладальнікаў, у прыватнаўласніцкіх мястэчках і нават у вёсках (у Нясвіжы, Юравічах, Крывошыне, Блоні і інш.). Вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць мае малюнак Н. Орды 1877 г. з выяваю езуіцкага касцёла ў вёсцы Фашчаўка (былы Горацкі павет, цяпер Шклоўскі раён Магілёўскай вобл.), дарэчы, адзінаю выяваю гэтага амаль не даследаванага ў гісторыі айчыннай архітэктуры помніка і суправаджаецца надпісам: «Касцёл па-езуіцкі, заложаны ў 1754 г. Ксёндз Галкевіч». На адвароце дадаткова пазначана, што ў касцёле знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай. Па іншых крыніцах, мястэчка Фашчаўка, што знаходзіцца за 11 кіламетраў ад Шклова, належала князю А. Чартарыйскаму, які ў 1765 г. фундаваў тут місію езуітаў і мураваны касцёл у гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. На малюнку Н. Орды буйным планам паказаны прыгожы дзвюхвежавы трохнававы касцёл з трансептам, роўнавысокім цэнтральнай наве, і фігурнымі франтонамі на тарцах перакрыжаваных дахаў, узведзены ў стылі віленскага барока.
Чатырох’ярусныя вежы касцёла мелі надзвычай маляўнічыя барочныя завяршэнні. Характэрна, што скразныя праёмы для званоў знаходзіліся даволі нізка, на другім ярусе, а трэці ярус, на ўзроўні франтона, быў глухі. У цэнтры франтона галоўнага фасада размяшчалася паўкруглая ніша-табэрнакула з скульптурнаю выяваю Дзевы Марыі. За алтарнай часткай касцёла бачны аднапавярховыя мураваныя будынкі місіі езуітаў, накрытыя вальмавымі дахамі. Тэрыторыя комплексу была абкружана прымітыўнай драўлянай агароджай з бярвенняў «у шулах» са сціплай брамкай-«веснічкай», што падкрэслівае незвычайнасць размяшчэння місіі гэтага арыстакратычнага ордэна ў глыбокай правінцыі. З 1876 г. касцёл стаў парафіяльным і набажэнствы ў ім вяліся на беларускай мове. Святыня была разбураная ў 1930-я гг. , сёння ад яе не засталося ніякіх слядоў.
Тамара Габрусь
Надрукавана ў часопісе “Наша вера” №1(47)/2009
На першым малюнку Напалеона Орды – капліца св. Андрэя Баболі і касцёл у Янаве, дзе быў ахрышчаны мастак.