Аб патрэбе ранішняй малітвы, яе індывідуальным і больш шырокім супольнасным вымярэнні, якім з’яўляецца ранішняе прынашэнне, распавядае артыкул Тэрэсы Клімовіч.
Позняй восенню, калі ночы робяцца даўжэйшымі, большасць з нас адкрывае вочы задоўга да світання, у змроку. Занятыя сваімі справамі, не заўважаем, як пачынае днець – раніца мінае хутка. Але менавіта ў пачатку дня, як і перад любым важным заняткам, варта стаць перад Богам, даручаючы Яму той шлях, які маем прайсці. Ранішні час, калі навокал яшчэ цёмна, калі адчуваеш сябе недаспаным, зрушаным з цёплага ўтульнага месца, – добры час для асабістай малітвы, роўна як і жыццёвы крызіс, змрок у душы, смутак, невядомасць. Бог прысутны побач у кожную пару, нават калі не бачым ні промня святла ў прамым і пераносным значэнні.
У малітоўніку, несумненна, знойдзем тэксты для ранішняй малітвы. Гэта таксама знаёмыя з дзяцінства пацеры або псалмы і гімны, якія прапануе на дадзены час Літургія гадзін. Вядома, можна карыстацца і сваімі словамі. Незалежна ад таго, спадзяёмся мы памаліцца даўжэй раніцай або на працягу дня ці прадчуваем, што не знойдзецца больш часу, ранішні зварот сэрца і розуму да Бога будзе ўплываць на ўвесь дзень, на парозе якога стаім. Гэта той добры навык, які варта падтрымліваць і развіваць. Па сутнасці, малітвай мы выяўляем добрую інтэнцыю, а менавіта сваё прагненне ўсё рабіць у згодзе з Божай воляй, каб думкі, словы і ўчынкі былі дзеля хвалы Пана і дабра нашай душы. Выказаны ў пачатку дня, намер застаецца актуальным увесь час, хоць можам не ўспамінаць аб ім сярод дзённых спраў. Адначасова гэта і спадзяванне на Божую ласку, без якой немагчыма нічога зрабіць, і выраз нашай любові да Бога.
Насамрэч ранішняя няздатнасць на ўзнёслыя думкі, слабасць, якую часам адчуваем так востра, парадаксальным чынам могуць дапамагчы нашым адносінам з Богам – дапамагчы прыйсці да Яго такімі, якія ёсць, і ўсвядоміць, што атрымліваем ад Яго ўсё, што часта лічым належным і сваім. Акрамя гэтага асабістага вымярэння адносін важна памятаць і пра больш шырокае, якое таксама ўласціва кожнаму з нас. Маю на ўвазе прыналежнасць да супольнасці Паўсюднага Касцёла. Здаецца, вядомая рэч, але на якім узроўні мы знаходзімся: толькі ведаем пра гэта ці адчуваем сябе часткай Касцёла? Як пісаў амерыканскі паэт і манах Томас Мертан, “ніхто не з’яўляецца самотнай выспай”.
Узнікае пытанне: прычым тут ранішняя малітва? Патлумачу на прыкладзе. Ёсць добрая магчымасць выказаць Богу свой намер пражыць дзень так, каб у выніку ўсе падзеі былі малітвай у шырокім сэнсе гэтага слова. Ранішняе прынашэнне (ахвяраванне), зробленае ў інтэнцыях Святога Айца, спалучае індывідуальнае і супольнаснае вымярэнні.
Тэкст першага прынашэння напісаў айцец езуіт Франсуа Ксаверый Гатрэле ў 1844 годзе для Апостальства малітвы. Прычынай заснавання Апостальства было гарачае жаданне маладых французскіх манахаў, падапечных а. Гатрэле, хутчэй прысвяціць сябе місіянерству. Ён даручыў ахвотным быць “апосталамі малітвы”, ахвяруючы ўсё ў сваім жыцці Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса дзеля таго, што Пан сам пажадае здзяйсняць у справе пашырэння Божага Валадарства і збаўлення душ. Шматлікія вернікі неўзабаве сталі далучацца да Апостальства, і ў 1880 годзе папа Леў XIII пачаў кожны месяц даручаць гэтай малітоўнай супольнасці надзённыя інтэнцыі Касцёла. Такая традыцыя працягваецца да сучасных дзён.
У цяперашні час Апостальства называецца Сусветная сетка малітвы Папы і аб’ядноўвае мільёны людзей на ўсім свеце. Тэксты штодзённай малітвы са Святым Айцом маюць розныя варыяцыі, але можна заставацца ўвесь час з адной выбранай формай, прыведзенай ніжэй.
Агульна кажучы, мы аддаём сябе і ўсё, што прынясе надыходзячы дзень, у ахвяру, просячы Нябеснага Айца далучыць наша прынашэнне да ахвяры Яго Сына, якую Ён прыносіць на алтарах па ўсім свеце; і просім Святога Духа адкрыць нашы сэрцы на патрэбы чалавецтва і Касцёла. Такое самаахвяраванне мае выразны накірунак, які яму надае інтэнцыя Святога Айца на кожны месяц.
Можна параўнаць гэта таксама з ключом, які адкрывае нам спосаб да міласэрнага служэння. Па праўдзе, цярпенні іншых людзей глыбока кранаюць толькі тады, калі мы з’яднаны з Хрыстом. Чым мацнейшая сувязь з Ім, тым больш наша сэрца здольнае да спачування. Калі прымаем Яго дары, Яго любоў і спагаду, калі дзелім з Ім свае перажыванні, вучымся прабачаць, адкрываем Яму свой боль, спадзяёмся ў трывогах, прыносім усё, чым поўніцца ўнутранае і знешняе чалавечае жыццё, то наша сувязь з Ім трывае і развіваецца. У тварах церпячых людзей – блізкіх і далёкіх – Ён паказвае сваё Аблічча. Праз малітву і ахвяру мы можам адказаць на Яго любоў.
Варыянты штодзённага прынашэння
Першапачатковая форма:
О Езу, праз Беззаганнае Сэрца Марыі ахвярую Табе малітвы, справы, радасці і цярпенні сённяшняга дня ў еднасці з Найсвяцейшай Ахвярай св. Імшы па ўсім свеце. Я ахвярую іх ва ўсіх намерах Найсвяцейшага Твайго Сэрца: дзеля збаўлення душ, перапрашэння за грэх і з’яднання ўсіх хрысціян. Ахвярую іх у інтэнцыях нашых біскупаў і ўсяго Апостальства малітвы, асабліва ў інтэнцыях Святога Айца на гэты месяц. Амэн.
Пазнейшы варыянт:
Божа, наш Ойча, ахвярую Табе надыходзячы дзень: усе малітвы, думкі, словы, учынкі і цярпенні. Ахвярую Табе іх у еднасці з Тваім Сынам, Езусам Хрыстом, які ў Эўхарыстыі няспынна складае сябе ў ахвяру Табе дзеля збаўлення свету. Няхай Святы Дух, які вёў Езуса, будзе сёння маім кіраўніком і сілай, каб я сведчыў аб Тваёй любові. Разам з Марыяй, Маці Езуса і Касцёла, прашу Цябе асабліва ў тых інтэнцыях, якія Святы Айцец даручае ўсім вернікам на гэты месяц. Амэн.
Апошнім часам Сусветная сетка малітвы штомесяц прапануе крыху іншы тэкст ранішняга прынашэння, які можна знайсці на адмысловай старонцы сайта “Прастора малітвы”.
Тэрэса Клімовіч
Упершыню апулікавана ў газеце “Слова жыцця”.
Фота Янеза Севера SJ