Гэтая малітва дапаможа вам аддаць сябе ў распараджэнне Богу. Св. Ігнацы апісвае гэтую “Падрыхтоўчую малітву” як выпрошванне ласкі, каб усе мае намеры, дзеі і дзеянні былі накіраваныя толькі і выключна да служэння і усхвалення Боскай Велічы (Духоўныя практыкаванні, 46). Можна звярнуцца да Бога такімі словамі:
Божа, я вельмі хачу добра падрыхтавацца да гэтай сустрэчы з Табой.
Я вельмі хачу быць падрыхтаваным, каб пачуць Цябе, быць уважлівым да Тваіх слоў і здолець адказаць Табе ўсім сабой.
Прашу Цябе, дапамажы мне ў тым, каб мае намеры зрабіліся яснымі і чыстымі.
Ува мне ёсць столькі супярэчлівых жаданняў.
Я турбуюся з-за дробязных і часовых праблем.
Я ведаю, што калі аддам Табе сваё сэрца, што б я ні рабіў, будзе сыходзіць з майго новага сэрца, якое Ты дасі мне.
Усё, што я ўяўляю сабой сёння, усё тое, што я буду рабіць, усе мае сустрэчы, разважанні, нават мае расчараванні і няўдачы і асабліва гэты час малітвы разам з усім маім жыццём я аддаю ў Твае рукі.
Божа, я – Твой. Ствары з мяне тое, што пажадаеш. Амэн.