Нашае штодзённае жыццё нельга назваць простым. Кожны дзень мы сутыкаемся са шматлікімі задачамі і мусім праходзіць праз мешаніну пачуццяў, жаданняў, планаў, спадзяванняў і ўнутраных матывацый. Ранішні прагляд дня, змешчаны ў канцы гэтага артыкула, дае нам шанец паразважаць над трыма важнымі сігналамі духоўнага жыцця, а менавіта над жаданнямі, пачуццямі і выклікамі. Нашы жаданні грунтуюцца на надзеі; з іншага боку, выклікі і праблемы могуць перашкодзіць жаданням здзейсніцца, а пачуцці часта трапляюць пад напружанне, якое ўзнікае паміж двума першымі. Давайце ж разгледзім больш уважліва, чаму гэтыя тры сігналы так важна ўлічваць кожны дзень.

Жаданні

Ігнацыянская духоўная традыцыя шануе жаданні чалавека– тыя глыбокія сардэчныя прагненні справядлівасці, шчасця і блізказці да Створцы. Сярод іх – і жаданні добра выкарыстоўваць свае індывідуальныя дары і таленты, ісці за сваім пакліканнем, знайсці ўнутраны супакой. Усе нашыя імкненні засноўваюцца на надзеі, што мы – як хрысціяне – жывём для Бога і з Богам, а таксама, што мы здольныя шчыра любіць свайго бліжняга.

Нашы штодзённыя жаданні павінны рухаць нас наперад у нашым хрысціянскім вандраванні, садзейнічаць узрастанню ў дабрыні, спаўненню паклікання ці больш адданаму служэнню іншым. Дзеля чаго табе ўставаць нараніцы з ложка, калі цябе не матывуе хоць якая-небудзь надзея? Наяўнасць імкненняў – першы сігнал, што Бог побач, на адлегласці выцягнутай рукі. Усведамленне і прадстаўленне іх Богу ў малітве – першая частка нашай штодзённай духоўнай карціны.

Выклікі

Сюжэт любой гісторыі мае пэўны канфлікт ці праблему. Наша штодзённае жыццё не з’яўляецца выключэннем. Часта бывае так, што менавіта глыбокія жаданні сэрца папярэджваюць нас, з якімі выклікамі нам давядзецца сустрэцца на працягу дня. Напрыклад, я магу прадчуваць сустрэчу з супрацоўнікам, які мне не падабаецца, і я заўважаю ў сабе жаданне быць больш стрыманым і добразычлівым да яго. Калі я прадбачу барацьбу са спакусай, я магу адзначыць у сабе жаданне ўмацоваўваць сваю сілу волі. Інтэнсіўная нагрузка ў вучэльні, якая па раскладу заняткаў мяне чакае, павялічвае маё жаданне быць трывалым і цярплівым у гэты складаны перыяд.

Варта навучыцца заўважаць, як перашкоды спалучаюцца з жаданнямі. У залежнасці ад нашага выбару, яны могуць пусціць пад адкос нашыя прагненні. Маё жаданне быць добрым можа быць зруйнавана адмоўнымі эмоцыямі, якія ўзнікнуць пры сустрэчы з тым жа супрацоўнікам. З іншага боку, калі я адзначу свае негатыўныя перажыванні, я магу лепш усведамляць сваё жаданне быць добрым і спадзявацца на яго спаўненне.

Пачуцці

Пачуцці могуць палохаць. Яны ўзнікаюць дзесьці паміж поўнымі спадзяванняў жаданнямі і страхам перад праблемамі, якія могуць знішчыць нас. Святы Тамаш Аквінскі адзначаў, што пачуцці не з’яўляюцца ні добрымі, ні кепскімі – гэта натуральныя з’явы, якія ўзнікаюць унутры нас. Я лічу, што святы Ігнацый згадзіўся б з гэтай думкай. Ён таксама мог бы сказаць, што эмоцыі – важны ўнутраны сігнал, які гаворыць нам, як мы схільныя дзейнічаць ці якое рашэнне прыняць.

Сапраўды, эмоцыі, якія застаюцца з папярэдняга дня, могуць насычаць жаданні на надыходзячы дзень. Пачуцці, што нараджаюцца на працягу дня, могуць уплываць на нашае стаўленне да выклікаў, якія ўзнікаюць перад намі. На думку святога Ігнацыя, паколькі нашыя пачуцці (разам з жаданнямі) з’яўляюцца спосабам, якім Бог размаўляе з намі, мы не павінны ігнараваць іх. Наадварот, трэба навучыцца распазнаваць, што мы робім з гэтымі пачуццямі, і як яны ўплываюць на наш штодзённы выбар дзеянняў.

Жаданні падобныя на стралу, якая ляціць у кірунку надзеі. Выклікі можна параўнаць са стралой, якая намагаецца процідзейнічаць нам. Напружанне, якое ўзнікае паміж імі, можна параўнаць з напружаннем паміж добрымі і злымі духамі, – яно і складае рэальнасць духоўнага жыцця. Гэта не азначае, што выклікі з’яўляюцца злом, але злы дух можа выкарыстоўваць іх для таго, каб мы не рэалізавалі свае добрыя жаданні. У эпіцэнтры знаходзіцца хаос пачуццяў, скрозь якія нам даводзіцца праходзіць. Тры сігналы духоўнага жыцця, аб якіх ідзе гаворка, павінны разглядацца намі ў кантэксце ўсёй вялікай карціны дня, а не паасобку. Усе трое ўзаемадзейнічаюць. Спаўненне нашых жаданняў залежыць ад разумення пачуццяў і змагання з цяжкасцямі. Выкананне пэўнай задачы можна бясконца адкладаць, апраўдваючыся неадпаведнымі эмоцыямі, ігнаруючы свае патрэбы, і тым самым знішчыць шчырае жаданне, якое было прасякнута надзеяй на будучыню.

Не будзем пазбягаць сутыкнення з гэтымі сігналамі духоўнага жыцця, хоць яны не заўсёды ясныя, таму што рэгулярная карэктыроўка штодзённых жаданняў, пачуццяў і выклікаў можа ўдасканальваць нашыя навыкі распазнавання.

Ранішні прагляд дня

Удзячнасць
Добрай раніцы! Рыхтуючыся пачаць новы дзень, ты часам адчуваеш неспакой. Тым не менш, заўсёды можна дзякаваць Богу за гэты дзень, які нясе новыя магчымасці для Яго ласкі.

Добрай раніцы, мой Божа! Я прыходжу да Цябе такім, які я цяпер: недасканалы, стомлены, без надзеі. Дзякую Табе за біццё майго сэрца і дыханне, якія далі мне яшчэ адзін дзень у гісторыі Твайго стварэння.

Жаданні
Жаданні ў ігнацыянскай духоўнасці – вельмі важны індыкатар. Тваё жаданне пабыць з Богам хаця б імгненне ўжо паказвае на прысутнасць Бога побач з Табой зараз, падчас ранішняй руціны, у размовах, на працы ці дома. Калі ты пачнеш распазнаваць гэтую Прысутнасць, спытай сябе: “Якія жаданні ў мяне ёсць сёння?”

Пачуцці
Цяпер зрабі агляд сваіх пачуццяў… Як прайшла ноч? Ці ёсць зараз якія-небудзь перажыванні, страхі ці хваляванні, якія засталіся з мінулага вечара? Ці адчуваеш сябе ўпэўнена на парозе новага дня?

Позірк у будучыню
Бог дасканала ведае гэтыя пачуцці, таму што Бог стварыў цябе. Пачуцці здараюцца ў цябе, але яны не вызначаюць цябе. З самага пачатку сённяшняга дня, ідзі наперад такім, якім Бог стварыў цябе – любімым, з унікальнымі дарамі і талентамі. Гэта твая ідэнтычнасць у Богу. Памятаючы пра гэта, ці прадбачыш ты выклікі, добрыя альбо кепскія, з якімі табе давядзецца сутыкнуцца сёння?

Размова
Зірні зараз на свае прагненні і пачуцці, узгадай магчымыя перашкоды і аддай гэта ўсё Богу. Што б ты хацеў сказаць Богу на досвітку новага дня? Пагавары з Богам.

Эндзі Отта SJ

Крыніца: Three Spiritual Signals: Desires, Feelings, and Challenges

Малітва Антуана дэ Сэнт-Экзюперы
Божа, я прашу не аб цудах і не аб міражах, а аб сіле на кожны дзень.
Навучы мяне «мастацтву» маленькіх крокаў.
Зрабі мяне назіральным і вынаходлівым, каб у неаднастайнасці будняў своечасова засяродзіцца на адкрыццях і вопыце, якія мяне ўсхвалявалі.
Навучы мяне правільна распараджацца часам майго жыцця.
Падары мне тонкае пачуццё, каб адрозніваць першараднае ад другараднага.
Я прашу аб сіле для стрыманасці і меры, каб па жыцці я не лунаў і не спаўзаў, а разумна планаваў свой дзень, мог бы бачыць вяршыні і далі, і хоць зрэдку знаходзіў бы час для асалоды мастацтвам.
Дапамажы мне зразумець, што мары не могуць быць дапамогай: ні мары пра мінулае, ні мары пра будучыню.
Дапамажы мне быць тут і цяпер і ўспрыняць гэтую хвіліну як самую важную.
Усцеражы мяне ад наіўнай веры, што ўсё ў жыцці павінна быць гладка.
Падары мне яснае ўсведамленне таго, што цяжкасці, падзенні і няўдачы з’яўляюцца звычайнай часткай жыцця, дзякуючы якой мы сталеем.
Нагадвай мне, што сэрца часта спрачаецца з розумам.
Пашлі мне ў патрэбны момант таго, у каго хопіць мужнасці сказаць мне праўду з любоўю!
Я ведаю, што шматлікія праблемы вырашаюцца, калі нічога не рабіць для гэтага, таму навучы мяне цярпенню.
Ты ведаеш, як нам неабходна сяброўства. Дапамажы мне быць годным гэтага самага выдатнага і далікатнага падарунку лёсу. Дай мне багатую фантазію, каб у патрэбны момант, час, у месца моўчкі ці гучна падарыць камусьці неабходнае цяпло.
Зрабі мяне чалавекам, здольным разумець тых, хто застаўся на «дне» жыцця.
Усцеражы мяне ад боязі прапусціць штосьці ў жыцці. Дай мне не тое, чаго я сабе жадаю, а тое, што мне сапраўды неабходна.
Навучы мяне «мастацтву» маленькіх крокаў.