Аўтар артыкула – айцец Станіслаў Памыкала SJ зараз працуе ў Віцебску вікарыем парафіі св. Уладзіслава, былы рэдактар польскай секцыі Ватыканскага радыё (1980–1991), які шматразова суправаджаў Яна Паўла ІІ у пілігрымках. З 1991 г. працаваў душпастырам у Расіі, Казахстане, Кіргізіі, ва Украіне.
Святы Яне Паўле ІІ! Калі Ты быў з намі на зямлі, у папскі перыяд свайго жыцця, я звяртаўся да Цябе словамі «Ойча» або «Святы Ойча». Цяпер, як гэта звычайна бывае са святымі, нават з Панам Богам, мы можам перайсці на «Ты». Відаць, Тройца Любові і неба больш дэмакратычныя, чым зямля.
Гэтаю размоваю-сведчаннем, або «еднасцю святых» з Табою, я хацеў бы сплаціць свайго роду доўг удзячнасці ў адносінах да Цябе — доўг, пра які Ты нават не ведаеш. Я ўдзячны нашаму Айцу ў небе і Табе за тое, што ў час маёй працы ў Рыме Ты стаў для мяне ў пэўным сэнсе прыёмным бацькам, святым Юзафам майго святарства: у змаганні Хрыста-святара і маім змаганні за святарства, у маёй барацьбе за яго форму. У развіцці і выспяванні майго святарства я няспынна параўноўваў сябе з Табою як святаром. З чалавечага пункту гледжання я не павінен быць ксяндзом, аднак з’яўляюся ім, бо так падабаецца Пану.
Назіраючы за Тваёй дзейнасцю і сустракаючыся з Табою з той ці іншай нагоды, як журналіст Ватыканскага радыё я ніколі не думаў, што кантактую са святым і што Ты можаш быць кананізаваны. Маё разуменне святасці было ў той час вельмі прымітыўным. Я не ўсведамляў, што быць святым — значыць быць чалавекам пасхальным, святаром. Чалавек, увогуле, стварэнне пасхальнае. Калі ён зможа быць чалавекам натуральным, сапраўдным, а не самалюбна найграным, калі будзе чалавекам, адданым Святому, то стане святым. Канчаткова ён стане асвечаным, святым і ачышчаным толькі пасля пераходу на другі бераг, калі, так бы мовіць, ужо «станецца»…
Святымі мы становімся тады, калі становімся святарамі праз пасвячэнне, асвячальнае і ачышчальнае самаадданне Святому: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне» (Мц 25, 35–36); «тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).
Ахрышчаныя і акунутыя ў Таго, Які Ёсць (пар. Зых 3, 14), мы ведаем, што быць святым, насуперак бачнасці, значыць станавіцца і быць бліжнім, або кімсьці блізкім, а не далёкім. Пераход праз пасхальнае самаадданне, калі ён не перажываецца грэшна як смерць, збліжае, робіць людзей сапраўды з’яднанымі ў Духу Святым. Памятаю, што, чым больш Ты хварэў, тым больш блізкім станавіўся для мяне, і не толькі для мяне.
Аднак марнасць гэтага свету робіць нас сляпымі і глухімі. Я часта баяўся, што з Табою можа здарыцца штосьці дрэннае, што нешта можа не атрымацца, што з чымсьці Ты не справішся. Так было перад замахам і пасля замаху на Тваё жыццё. Гэты неспакой і страхі ўзмацняліся, калі да мяне даходзілі незадаволеныя галасы, крытыка ў Твой адрас ці проста подлыя людскія інтрыгі. Цяпер у маіх адносінах да Цябе настаў час вызвалення і свабоды ад усяго таго, што знявольвае нас на зямлі. Я магу адпачываць, радуючыся «еднасці святых» з Табою: Чалавекам з добрым, чулым сэрцам, Сябрам людзей, які дзякуючы сіле і мудрасці Ласкі і Міласэрнай Любові стаў незалежным, вольным ад мітусні гэтага свету.
Бывае, што людзі атаясамліваюць волю з самалюбнаю самавольнасцю, якая жывіцца грашыма, наркотыкамі, уладаю, што робяць нас залежнымі. А суверэнная свабода, якая даецца і здабываецца часам з вялікаю цяжкасцю, — гэта свабода святарская, пасхальная, яна жыве за кошт ахвярнай любові, якая ўмее гаварыць і «так», і «не»! Яна адказная! Дзякую Богу таксама за тое, што ў пэўнай ступені я мог быць сведкам і спадарожнікам Твайго жыцця ў змаганнях за суверэнную свабоду ад мітусні свету. Ты ведаў, каму і як кланяцца, бо падаў перад Абліччам Найвышэйшага, знаходзячы Яго прысутнасць ва Укрыжаваным. Аднойчы нават у Монтэвідэа я перашкаджаў Табе ў гэтым, калі раніцаю ў капліцы нунцыятуры Ты цэлебраваў, як звычайна па пятніцах, Крыжовы шлях.
Гэта суверэнная свабода — ані наша вялікае дасягненне, ані вынік толькі нашых асабістых намаганняў. Гэта дар Ласкі, якую можна атрымаць у айцоўска-мацярынскай сувязі з Богам і перажыць у супольнасці Касцёла. Я зразумеў гэта на Тваім прыкладзе, асабліва калі Ты казаў, што Ласка — гэта неспадзяванка, нечаканасць і здзіўленне. Ты паказаў мне, не ведаючы пра гэта, аблічча Маці Свабоды ў Кангрэгацыі Паннаў Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі (асабліва тых сясцёр, якія знаходзяцца ў Рыме), а таксама ў абразе Маці Пана ў іх касцёле на Святаянскай у Кракаве.
Ты таксама дапамог мне пакінуць працу рэдактара на Ватыканскім радыё і паехаць на Усход, у Расію, у Сібір. Я не хацеў усё жыццё быць журналістам, перш за ўсё я хацеў быць святаром. 26 жніўня 1990 года ў Кастэль Гандольфа, пасля ранішняй святой Імшы для польскіх пілігрымаў, Ты запытаў у мяне, як складваецца маё жыццё. Я выказаў незадаволенасць перспектываю далейшай працы на радыё. Ты ж запытаў: «Чым хочаш займацца?». Я адказаў: «Хачу паехаць у Расію». Ты хвіліну памаўчаў, нібы прыслухоўваючыся да свайго ўнутранага голасу, а потым лёгка ўдарыў мяне па плячы сваім характэрным жэстам і сказаў: «Едзь, браце!».
І я паехаў. Пасля больш чым дваццаці гадоў жыцця ў Сібіры і працы ў Расіі, крыху ў Казахстане, Кіргізіі і ва Украіне, цяпер я з’яўляюся вікарыем у парафіі святога Антонія ў Віцебску, у Беларусі. Для мяне гэта новы досвед святарства, новы досвед паклікання і пастаянная незвычайная радасць у вычарпальнай працы. І таму ў святарстве я адчуваю сябе Тваім братам, бо з Тваёю дапамогаю паверыў у Міласэрнасць Святой Тройцы, у тое, што Бог не пагрэбаваў мною, што я знайшоў ласку ў Пана.
Артыкул з часопіса «Życie duchowe» пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Упершыню апублікавана ў часопісе “Наша вера” №1 (67) 2014.