Артыкул гісторыка Андрэя Шпунта прысвечаны асобе а. Францішка Папроцкага, пісьменніка і выдаўца XVIII стагоддзя.
У 1996 г. у нашай краіне быў устаноўлены Дзень друку, які адзначаецца 5 траўня. Тыя, хто працаваў над абгрунтаваннем менавіта гэтай даты, здавалася б, мелі неблагі выбар, бо гэта магла быць і дата выхаду ў свет першай кнігі, надрукаванай Скарынам у Празе ў 1517 г., і дата першых выпускаў перыёдыкі на беларускай мове ў сярэдзіне ХІХ ст. (газеты «Гутарка», «Мужыцкая праўда» Каліноўскага), і першых перыядычных беларускіх газетаў «Наша Ніва» і «Наша Доля», і дата выпуску календара Андрэя Рымшы, надрукаванага ў Астрожскай друкарні Івана Фёдарава на Валыні 5 траўня 1581 года. Але ж не. Свята беларускага друку, аказваецца, бярэ свой пачатак ад першага выхаду ў 1912 г. ленінскай газеты «Правда», той, што аб’ядноўвала людзей, якія разагналі І Усебеларускі кангрэс і знішчылі нашу Рэспубліку годам пазней… А ці памятае, ці ведае хто, што першая перыядычная агульнаінфармацыйная газета ВКЛ «Кур’ер Літоўскі» пачала выдавацца ў красавіку 1760 г. а. Францішкам Папроцкім?
Мова і стылістыка біяграфічных даведачных выданняў звычайна вельмі сціслая — у «сухім астатку» ад асобы, пра якую недзе напісаныя фаліянты, можа застацца пара-тройка сказаў. Жыццяпіс а. Францішка Папроцкага — дзе б ён ні падаваўся, ці то ў «Польскім слоўніку біяграфічным», «Касцёльнай энцыклапедыі» ці, нарэшце, у «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», займае месца куды болей, але кідаецца ў вочы тое, што яго біяграфія змяшчае ўсяго толькі свайго роду службовы фармуляр ды пералік друкаваных працаў. І ўсё. Для біёграфа, гісторыка, эсэіста, пісьменніка, здавалася б, не вельмі цікавы персанаж. І чаму б усе яго выдавецкія дасягненні не пералічыць, як гэта звычайна робіцца, у спісе твораў?
Нават калі прыгледзецца больш уважліва, асобу а. Францішка Папроцкага рагледзець будзе сапраўды вельмі цяжка. Нам не пашанцавала выявіць яго партрэт, які даў бы дадатковыя штрыхі, і ці захаваўся ён увогуле?
З іншага боку, справы гэтага выдаўца газет і календароў, перакладчыка, аўтара шматлікіх сачыненняў па геаграфіі, усеагульнай і айчыннай гісторыі гавораць самі за сабе. Нездарма большасць прадстаўнікоў Касцёла ў ВКЛ, тых, хто ўзбагачаў нашу краіну ў самых розных сферах навукі, культуры і мастацтва — езуіты, — вытанчаныя інтэлектуалы і руплівыя працаўнікі Ad majorem Dei gloriam. Айцец Ф. Папроцкі, гэты непрыкметны воін Хрыста, адным з першых з нашых суайчыннікаў з усёй адданасцю пачаў у масавым парадку пашыраць кругагляд нашага народа настолькі паспяхова, што нават у перыяд бязбожных бэ эсэсэраўскіх часоў, у 1971 г., беларускі філосаф Альберт Бірала ў сваёй кнізе адзначыў «вялікую ролю дзейнасці Ф. Папроцкага ў распаўсюджванні гістарычных і геаграфічных ведаў у Беларусі і Літве ў сярэдзіне XVIII ст.».
Францішак Папроцкі са шляхецкага роду герба «Ястрабец» (магчыма, «Еліта»), нарадзіўся 10 чэрвеня 1723 года. Дзе гэта адбылося? Усе даследчыкі і энцыклапедыі аднолькава коратка называюць толькі слова «Беларусь». Хутчэй за ўсё, гэта былі тыя Папроцкія, што паходзілі з Кароны з серадскага ваяводства, а ў XVI ст. некаторыя з іх аселі ў ВКЛ на Ашмяншчыне, Полаччыне і Віленшчыне. Вядома, што Ф. Папроцкі вучыўся ў езуітаў у Полацку. У 17 гадоў уступіў у ордэн езуітаў і праз 10 гадоў напружанай падрыхтоўкі прыняў святарскае пасвячэнне.
У 1753–1756 гг. а. Францішак Папроцкі працаваў настаўнікам у варшаўскім Collegium Nobilium. Езуіцкія калегіумы, дарэчы, былі лепшымі навучальнымі ўстановамі ў свеце. Канкурэнтная барацьба з піярамі толькі ўзбагачала гэтыя два ордэны, якія выкарыстоўвалі лепшыя дасягненні ў арганізацыі свайго навучання. Collegium Nobilium, толькі што створаная па піярскім узоры ўстанова, была бадай лепшай сярод лепшых, бо канцэнтравала ў сваіх сценах найвыдатнейшых езуітаў, якія падтрымлівалі цесныя кантакты з навукоўцамі, аб’яднанымі вакол Бібліятэкі Залускіх. У гэтай сувязі немагчыма не згадаць пра графа Юзафа Андрэя Залускага, біскупа Хелмскага і Кіеўскага, кароннага рэферэндарыя, дзякуючы якому была выдадзена Volumina Legum. Усе свае сродкі ён аддаваў на бібліятэку, якую збіраў з дапамогай свайго брата Андрэя Станіслава Залускага — біскупа ў Плоцку, Луцку, Хелмне і Кракаве, канцлера кароннага, вядомага дабрачынца і мецэната. Перад смерцю ў 1774 г. граф Юзаф Андрэй Залускі завяшчаў сваю бібліятэку, якая ўжо адчынілася для шырокага наведвання, народу Рэчы Паспалітай. Але ў 1795 г. па загадзе Кацярыны ІІ Бібліятэка Залускіх была вывезеная ў Санкт-Пецярбург і ўключаная ў Імператарскую публічную бібліятэку. І хаця па дарозе многія кнігі згубіліся, да Паўночнай Пальміры даехала 262 640 тамоў і 25 000 гравюраў.
Але вернемся ў станіславаўскія часы. Творчае асяроддзе Collegium Nobilium і Бібліятэкі Залускіх была выдатнай глебай для далейшага ўдасканалення ведаў а. Папроцкага і заахвоціла яго да пісьменніцкай і выдавецкай дзейнасці. Першым яго дасягненнем стаў прысвечаны графу Юзафу Андрэю Залускаму школьны дапаможнік па геаграфіі «Еўропа з частак Свету першая апісаная», выдадзены ў езуітаў у Варшаве ў 1754 годзе. Ён вытрымаў шмат перавыданняў і ў далейшым выкарыстоўваўся ў сістэме Адукацыйнай камісіі. Гэта быў разлічаны на шырокія масы даведнік, у якім змяшчалася інфармацыя пра кожную дзяржаву Еўропы — яе геаграфічнае становішча, межы, адміністрацыйны падзел, галоўныя гарады, прыродныя ўмовы і карысныя выкапні, рэлігіі, штогадовы прыбытак, форму кіравання, колькасць армій, грошы і г.д.
А. Папроцкі, накіраваны ў 1757 г. у Віленскую акадэмію, працягваў цікавіцца гісторыяй і геаграфіяй. У выніку з Акадэмічнай друкарні выйшлі «Гісторыя прэтэндэнтаў Кароны Англійскай» (1758, 2-е выд. 1778 г.) і «Звесткі пра Курляндскае і Земгальскае княства, сабраныя з розных гісторый» (1759), а з таго моманту, калі айцец стаў прэфектам друкарні, ён ажыццявіў перавыданні шэрагу гістарычных працаў — «Айчынныя звесткі пра Польшчу і ВКЛ» (1753 г., надрукавана ў 2-х частках у 1760 г. і 1763 г.) Казіміра Галоўкі, «Гісторыя Польшчы» (1763 г.) В. Лубенскага і, нарэшце, выдаў уласную кампіляцыю з грувасткай, у стылі таго часу назвай — «Найбольш значныя войны да нараджэння і пасля нараджэння Хрыста да Парыжскага і Губертусбургскага міру 1763 года» (1763 г.), з вялікай дэдыкацыяй «пратэктару і нашаму дабрадзею» Міхалу Аляксандру Сапегу, ваяводу полацкаму і гетману польнаму літоўскаму, з якім аўтар быў у блізкіх зносінах. Абгрунтаванне выбару тэмы ў прадмове гучыць настолькі актуальна, што магло б даводзіцца ў вучэбнай практыцы да нашых вайскоўцаў, — «…хаця няма нічога больш непрыемнага для народаў, чым войны, тым не менш, вывучэнне іх крайне неабходнае. Веданне гісторыі войнаў дазваляе высветліць прычыны ўзвышэння і падзення дзяржаваў і, што асабліва важна, шляхі ўмацавання свабоды і незалежнасці Айчыны». З вышыні сённяшняга дня такая дальнабачнасць і заклапочанасць нашага суайчынніка вельмі пахвальная, улічваючы тое, што ў Кароне і Княстве не чакалі, што праз 9 гадоў Еўропа, выратаваная ад турак Янам ІІІ Сабескім пад Венаю, так подла ўдарыць ім у спіну. (У 1776 г. у Ловічы а. Папроцкі выдаў свой пераклад працы Ф. Рэната «Навука пра рыцарскую справу», да якой дадаў 2-і том з апісаннем войнаў Рэчы Паспалітай. Кніга, як адзначаў А. Бірала, прасякнутая занепакоенасцю за будучыню Рэчы Паспалітай. Аналізуючы прычыны перамогаў і паражэнняў Польшчы і Літвы ў мінулых войнах, яе аўтар спрабуе даць рэкамендацыі па ўзмацненні баяздольнасці войска.)
Магчымасць кіраўніцтва Акадэмічнай друкарняй (кіраваў да 1763 г.) адкрыла перад а. Папроцкім яшчэ больш шырокія выдавецкія перспектывы. З красавіка 1760 г. ён пачаў выпуск першага ў нашай краіне штотыднёвіка «Кур’ер Літоўскі». Да «Кур’ера…» былі далучаныя «Літаратурныя весткі», «Замежныя весткі» і «Дадатак да віленскіх газет».
Не трэба шмат распавядаць пра тое, якое месца ў жыцці хрысціяніна займае каляндар, пры дапамозе якога «на працягу года Касцёл адкрывае ўсю таямніцу Хрыста, пачынаючы з Уцелаўлення і Нараджэння да самага Унебаўшэсця, да дня Спаслання Духа Святога і да чакання благаслаўлёнай надзеі і прыйсця Пана». У часы а. Папроцкага, калі не было электронных сродкаў масавых камунікацый, каляндар, як частка хрысціянскай штодзённасці, выконваў дадатковую ролю інфарматара па самых розных пытаннях жыцця палітычнага, гаспадарчага і г.д. Айцец Папроцкі зрабіў гэтую прыладу максімальна масавай і інфарматыўнай. Ён працягнуў і пашырыў справу, пачатую ў 30-я гг. XVIII ст. а. езуітам Янам Антоніем Пашакоўскім (1684–1757), які выдаў у Вільні першы каляндар, што адкрыла новую эпоху друку ў ВКЛ і стала адной з найпапулярнейшых формаў тагачаснага чытання.
У 1757 г. у Вільні ў свет выйшаў першы «Палітычны каляндарык» а. Папроцкага, які выдаваўся да скасавання ордэну. На старонках каляндарыка ішла рашучая барацьба супраць забабонаў і астралогіі, акрамя гэтага, змяшчаліся тэксты найважнейшых законаў краіны, навуковыя і папулярныя артыкулы па гісторыі, астраноміі, геаграфіі і фізіцы. І калі, — як пісала літоўская даследчыца Рэгіна Якубенас, — першы выдавец а. Пашакоўскі зрэфармаваў каляндар — выкінуў з яго астралогію, надаў яму кірунак гістарычны і палітычны, то а. Папроцкі дапоўніў каляндар, ператварыў яго ў інфармацыйнае выданне, якое папулярызавала навуку.
Скасаванне ордэну застала а. Папроцкага ў Варшаве. Так ён і жыў там, не атрымаўшы кіраўніцтва паезуіцкай друкарняй у Любліне, але затое, як «заслужаны настаўнік», атрымліваў з 1774 г. з касы Адукацыйнай камісіі штогадовую пенсію ў 1 200 злотых, а яшчэ быў прызначаны прэлатам інфлянцкім і ловіцкім канонікам. Айцец Папроцкі працягваў выдавецкую і пісьменніцкую дзейнасць. Апошняя яго праца сталася годным заканчэннем, можна сказаць бестселерам, — гэта быў пераклад кнігі французскага святара Францішка Нанота «Памылкі Вальтэра» (Ловіч, 1780 г.), якая карысталася вялікім попытам і адразу перавыдавалася ў Нясвіжы і Сандаміры ў 1781 годзе.
Апостальская Сталіца заўважыла сціплую постаць айца Папроцкага, які стаў каля 1776 г. кавалерам аднаго са старэйшых ордэнаў у Еўропе —Залатой Шпоры — ім Святы Айцец узнагароджвае за «значны ўклад у справу пашырэння каталіцкай веры ці іншыя дзеянні дзеля хвалы Касцёла».
Адзіную жывую характарыстыку айца Францішка Папроцкага мы знайшлі ў вялікім шматтомным даследаванні Юзафа Бялінскага, прысвечаным Віленскаму ўніверсітэту: «Быў вельмі прыстойным чалавекам, сумленным і працавітым»…
Андрэй ШПУНТ – гісторык, архівіст. Нарадзіўся ў 1969 годзе. Скончыў БДУ (1997). У 1989–1994 гг. ó супрацоўнік
Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (аддзел старажытнабеларускага мастацтва). У 1996-1998 гг. – супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (генеалагічныя даследаванні), у 1998ó2000 гг. ó вядучы спецыяліст Дзяржкамархіва (геральдыка і генеалогія), аўтар зацверджаных праектаў гербаў Маладзечна, Заслаўя, Крупак, Акцябрскага (Рудабелка), Белаазёрска, Івянца. Аўтар шэрагу навуковых і папулярных публікацый.
ЛІТАРАТУРА
1. Мальдзіс А. Папроцкі Францішак //ЭГБ. Т. 5. — Мінск, 1999. — С. 406.
2. Бирало А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. — Мінск, 1971. — С. 117–121.
3. Орден Золотой Шпоры [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://www. medals.org.uk/vatican/vatican002.htm.Час доступу: 01.03.2015.
4. Aleksandrowska E. Paprocki Franciszek//PSB. T.XXV/1 zeszyt 104. — Wrocław–Warszawa–Kraków–Gdańsk, 1980. — S. 181–183.
5. Bieliński J. Uniwersytet wileński. T. III. — Kraków, 1899–1900. — S. 284–285.
6. Grzebień L. Paprocki Franciszek//Encykłopedia katolicka. T. XIV. — Lublin, 2010. — S. 1313–1314.
7. Jakubėnas R. Kalendarz Polityczny Wileński księdza Franciszka Paprockiego//Slavistica Vilnensis, 2012. — Kalbotyra 57 (2). — S. 185–196.
8. Uruski S. Paprocki//Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. XIII. — Warszawa, 1916. — S. 205–207.
Упершыню надрукавана ў часопісе “Наша вера” №3 (77) 2016
Ілюстратыўнае фота чытальнай залы Вільнюскага ўніверсітэта (былой Віленскай Акадэміі) /wikipedia.org