Кожная сям’я мае свае сакрэты, пэўныя тэмы, якіх пазбягаюць у размове. Для католікаў, асабліва на Захадзе, чысцец выглядае адным з такіх сакрэтаў. Ідэя прамежкавага стану існавання, у якім душы, пакутуючы ў ачышчальным агні, чакаюць святых Імшаў і малітваў з гэтага свету ад жывых, якія дапамаглі б ім выплаціць доўг за грахі, выглядае даволі дыскамфортна і сярэднявечна. Акрамя таго, няўжо Хрыстовай любові недастаткова, каб прынесці нам адкупленне?
Чысцец часта выклікае асацыяцыі са злоўжываннямі індульгенцыямі ў Сярэднявеччы. Святары мелі прыбытак ад продажу адпустаў, якія азначалі вызваленне ад часовых кар за грахі як для жывых, так і для памерлых. Час у чысцы можна было скараціць, калі ўнесены кошт быў адпаведны. Хоць індульгенцыі адыгралі не самую істотную ролю ў Рэфармацыі, чысцец часта лічыцца галоўным вінавайцам трагічнага расколу Заходняга Касцёла. Сапраўды, памылковых уяўленняў пра чысцец дастатова шмат, яны ствараюць цяжкасці ў экуменічным працэсе і ўжо састарэлі ў тэалагічным сэнсе.
Але я ўпэўнены, што надыйшоў час вярнуцца чысцу. У дыскусіі аб смерці, асабліва цяпер, калі мы набліжаемся да свята Змёртвыхпаўстання Пана, няма іншага навучання, якое б дало нашаму ўяўленню большую надзею на камунію ў гэтым жыцці і за яго парогам.
Ад смерці да жыцця
Пасля таго, як Хрыстус паўстаў з мёртвых, смерць засталася, але ўжо не ў якасці тупіка, якога трэба асцерагацца. Перамогшы смерць, Хрыстус насыціў яе патэнцыялам стаць дарогай, якая вядзе ў новае жыццё. “Новае жыццё” не азначае поўны разрыў з зямным жыццём, якое мінула. Дакладней будзе сказаць, што нашыя грахі і траўмы сярод нашых цнотаў і радасцяў працягваюць віднецца на нас, але перамяняльным чынам, які вядзе нас глыбей у поўню жыцця як супольнасці. У Богу нічога не страчана.
Для католікаў менавіта чысцец найбольш выразна сведчыць аб гэтым перамяняльным працягу жыцця да і пасля смерці. Божы акт міласэрнасці, які перакідвае масты між мінулым і будучым, мае ў сабе адзіную магчымасць паўнаты жыцця ў актуальным стане. Навучанне пра чысцец заслугоўвае больш шырокага выкарыстання ў душпастырстве.
Нашмат больш, чым старажытная традыцыя
Каталіцкі Касцёл з даўніх часоў вучыў, што ўсе католікі павінны падтрымліваць дактрыну аб чысцы, укаранёную як у Святым Пісанні, так і ў навучанні святых. Сваю больш акрэсленую форму дактрына атрымала ў XI стагоддзі, і пазней была рашуча пацверджана на Трыдэнцкім Саборы.
Па сваёй сутнасці, дактрына аб чысцы прызнае цэласнасць сувязяў у адносінах, якія сфармаваліся да моманту смерці. Мы ўсе маем няскончаныя справы. Мы маглі б лепш клапаціцца аб сваіх пажылых бацьках. Мы маглі б абдымаць сваіх пакрыўджаных сыноў і дачок крыху мацней, крыху даўжэй. Мы маглі б сказаць “Я люблю цябе” апошні раз – або хаця б упершыню – перад раптоўнай трагічнай смерцю блізкага чалавека. Мы маглі б прысвячаць больш увагі, праводзіць больш часу замест таго, каб кідаць і адыходзіць. Мы павінны былі б рызыкаваць часцей, праходзіць на адну вярсту больш і спрабаваць рабіць тое, што цяжэйшае.
Умоўны лад, усе гэтыя “маглі б” або “трэба ж было”, пытанні, сумневы і шкадаванні, працягваюць раніць нас, і нам бы хацелася вярнуць час і выправіць усё, скончыць свае “недапрацоўкі”.
Чысцец запэўнівае нас, што няма патрэбы ў вяртанні ў мінулае. Тое, што мы робім цяпер, працягвае аказваць уплыў на нашыя адносіны з памерлымі, а тое, як мы выбіраем памятаць і шанаваць гэтыя адносіны, уплывае на нашае пачуццё ўдзячнасці, мэты і надзеі ў гэтым жыцці. Касцёл прапануе вызначаныя малітвы, рытуалы і акты міласэрнасці, якія могуць прынесці палёгку як жывым, так і памерлым. Прабыванне ў чысцы не азначае зачыненасць у “кляўзуры”, але магчымасць знайсці сілы ў непарыўнасці сувязяў.
Вера ў адносіны
Католікі вераць, што ў Хрысце сувязі ў нашай супольнасці захоўваюцца нават паміж жывымі і памерлымі. Памерлыя ў Хрысце – жывыя ў Хрысце. “Няскончаныя справы” між намі і імі не могуць заставацца навекі няскончанымі. Нашая камунія і еднасць азначае, што пытанні, сумневы і шкадаванні, якімі ў дадзены момант пазначаныя нашыя адносіны, працягваюць працаваць і вырашацца.
Касцёл пацвярджае гэтую працягласць і непарыўнасць, калі заахвочвае памятаць і маліцца за памерлых, ахвяруючы таксама “міласціну, адпусты і справы пакаяння” за іх (Катэхізм Каталіцкага Касцёла 1032). Палёгка, якую малітвы прыносяць нашым блізкім у чысцы, становіцца і нашай палёгкай папросту з-за таго, што мы падзяляем іх пакуты, як піша св. Павел: “Калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены; калi праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены” (1 Кар 12, 26). З іншага боку, калі мы пакліканыя маліцца за іх, ці можам мы не спадзявацца на іх малівы за нас і не прымаць суцяшэння ад іх няспыннага, інтымнага ўдзелу ў нашым жыцці? І ніхто іншы, як сам Хрыстус, працягвае трымаць усё ў камуніі, з’яўляючыся Тым, каго смерць не здолела знішчыць. У Хрысце адносіны працягваюць аздараўляцца і паглыбляцца.
Распазнаванне нашай еднасці ў Хрысце – сутнасць дактрыны аб чысцы – можа таксама дапамагчы зрабіць навучанне больш экуменічна прыймальным. Брэт Сэлкельд мяркуе, што адно з найлепшых азначэнняў чысца даў д. Джо Міцы, католік, які далучыўся да евангельскіх хрысціян. У выказванні, якое павінна было прагучаць, як аргумент супраць дактрыны аб чысцы, д. Міцы сцвярджае, што “Езус Хрыстус і нішто іншае – нашае ачышчэнне, наш чысцец”.
Магчыма, гэтыя словы могуць стаць пачаткам далейшага дыялогу. Папа Бэнэдыкт XVI ў энцыкліцы “Spe Salvi” падрабязна спыніўся на гэтым разуменні:
“Некаторыя сучасныя тэолагі лічаць, што агонь, які адначасова спальвае і збаўляе, — гэта сам Хрыстус, Суддзя і Збаўца. Сустрэча з Ім — гэта вырашальны акт Суда. Перад Ягоным поглядам растопліваецца ўсякі фальш. Сустрэча з Ім спальвае, перамяняе і вызваляе нас, каб мы адшукалі сваю тоеснасць”. (47)
Формула “Езус Хрыстус – наш Чысцец” з’яўляецца найлепшым азначэннем чысца. Гэта не месца па-за межамі неба, але паглыбленне адносінаў – камуніі ў Целе Хрыста – з іншымі ў Хрыстовым палкім агні любові. Гэта частка нашай поўнай сустрэчы з Уваскрослым Панам, падчас якой мы выразна бачым, як наш грэх раніць усё стварэнне, і з поўнай яснасцю разумеем значэнне нашага прыняцця або адкідання Божай ласкі і любові.
Зрэшты, чым з’яўляецца малітва, як не клопатам аб сувязі, якую мы ствараем з іншымі? Маліцца за памерлых і прасіць іх аб заступніцтве – значыць практыкаваць веру ў Касцёл, які не абмяжоўваецца смерцю, значыць вызнаваць, што мы застанемся незавершанымі, пакуль усе разам не ўвойдзем зноў у поўню жыцця ва Ўваскрослым Хрысце. Памерлыя патрабуюць нашай палёгкі, нашых ахвяраў, нашых малітваў і іншых падобных учынкаў, якія робяць адносіны паміж намі рэальнымі. Чысцец змяшчае гэта ўсё ў Хрысце, каб сувязі ў нашых адносінах аднаўляліся і ўмацоўваліся, а не знікалі. Камунія ніколі не бывае пасіўнай і бяздзейнай.
Душпастырскія высновы
У сваім трактаце “Геній хрысціянства” (1828 г.) Франсуа Рэне дэ Шатабрыян пісаў: “Чысцец пераўзыходзіць паэтычнасцю нябёсы і пекла, таму што толькі ў ім ёсць месца будучыні.” На пастырскім узроўні нам цяжка ўявіць, на што чысцец можа быць падобны. Як тыя, хто пакутуе ад няшчасця, траўмы, дэпрэсіі і адзіноты, могуць асягнуць “благаслаўлёнае бачанне”? Як яны павінны ўявіць найвялікшую радасць, якую толькі можна спазнаць? Для многіх людзей чысцец можа даць больш надзеі, чым неба, наму што з яго лягчэй пачынаць.
Чысцец можа таксама ўратаваць нас ад стэрыльнага і статычнага бачання неба. Усведамленне патрэбы, нават пасля смерці, у аднаўленні і ацаленні адносінаў можа дапамагчы нам больш прагнуць неба. Калі надзея абапіраецца на адкупленае ўяўленне, тады сузіранне неба ў святле чысца дапамагае нам засяродзіцца на Езусе Хрысце Ўваскрослым, які аздараўляе і аднаўляе адносіны, каб яны развіваліся ў вечнасці.
Душпастырскі клопат, пераасэнсаваны ў святле дактрыны аб чысцы, можа прынесці свету так неабходную палёгку і камунію. Нават тыя, хто не верыць у жыццё пасля смерці, здолеюць убачыць, што рэчаіснасць нашых адносінаў (як і патрэба завяршыць “няскончаныя справы”) не вырашаецца смерцю. Калі прысвяціць больш увагі навучанню аб чысцы, мы адкрыем, што мы не самотныя, што кожны наш чын захоўваецца, і нішто з мінулага не адсякае нас ад будучыні, перапоўненай надзеяй. Чысцец заклікае мець надзею ў веры, якая дапамагае трываць у адносінах скрозь прызму Хрыстовай любові, якая ўваскрашае да жыцця.
Quang Tran SJ