Шмат гадоў таму адзін вядомы псіхолаг спытаўся ў сваёй аўдыторыі: “Калі я сцісну апельсін, што з яго выйдзе?” Праз некалькі секундаў хтосьці крыкнуў у адказ: “Апельсінавы сок!” Псіхолаг рассмяяўся: “Так, апельсінавы сок. Чаму?” Амаль адразу іншы ўдзельнік адказаў: “Таму што ён знаходзіцца ўнутры апельсіна”. Псіхолаг зноў усміхнуўся: “Так, вы не можаце сціснуць апельсін і атрымаць яблычны сок. З апельсіна вы выціскаеце апельсінавы сок, таму што ён знаходзіцца ўнутры. Мы можам сказаць, што сок – гэта сутнасць апельсіна”.
Абводзячы позіркам аўдыторыю, псіхолаг задаў яшчэ адно пытанне: “Дык што выходзіць з вас, калі хтосьці на вас цісне? Калі хтосьці прыдзіраецца да вас, альбо руйнуе вашыя планы, разносіць пра вас плёткі?” Цішыня. Ніхто не даў адказу. Прынамсі, уголас.
Што ж выходзіць з нас, калі хто-небудзь ці што-небудзь нас прыцісне? Што выходзіць з нас, калі мы трапляем у стрэсавую сітуацыю? Калі марнуюцца ўсе планы? Калі мы аказваемся замураванымі ў аўтамабільных заторах? Калі нас хтосьці падвёў? Калі мы маглі б прысягнуць, што на нашым рахунку было значна больш грошай, чым паказвае выпіска з рахунку? Што выходзіць з нас? Гнеў? Крытыка? Сум? Дэпрэсія? Расчараванне? Страх? Прага помсты? Я перажыў увесь спектр гэтых эмоцый у часы расчараванняў і няпэўнасці. Божа мой, што гэта гаворыць пра мяне і пра тое, што ўнутры мяне?
Затым узнікае іншае пытанне: што выходзіла з Езуса, калі свет прыціснуў Яго, калі Яго высмейвалі, білі і прыбівалі на крыж? Мы ведаем, былі слёзы, кроў і вада. Але таксама – сіла, гераізм, спачуванне, смутак, лагоднасць, удзячнасць, любоў і прабачэнне. Былі супакой і прыняцце. Падобна таму, як мы пазнаём, што знаходзіцца ў апельсіне, калі яго сціскаем, і так, як мы даведваемся, што хаваецца ў нас саміх, калі аналізуем свае рэакцыі на выклікі, з якімі сутыкаемся, то гэтак жа мы можам лепш спазнаць Езуса, разважаючы над тым, што выходзіла з Яго ў той балючы перыяд жыцця.
Хоць Езус выглядае пасіўным на працягу ўсёй сваёй Мукі: Ён ні разу не падняў нават пальца супраць каго-небудзь, Ён амаль нічога не гаворыць, – тым не менш, Яго прыняцце, прабачэнне і ненасілле з’яўляюцца рэвалюцыйнымі, нясуць нам з першага стагоддзя контркультурнае разуменне таго, як жыць справядліва ў свеце дваццаць першага стагоддзя. Мы можам бачыць гэта ў рэакцыях Езуса падчас Яго Мукі, разважаючы прыпынкі Крыжовага шляху. Напрыклад, наступным чынам:
Езус у Гетсіманскім садзе. Ён моліцца.
Сінедрыён выносіць Езусу прысуд. Ён спакойны і мужны.
Езуса выракаецца Пётр. Ён прымае слабасць іншага чалавека.
Езус сустракае жанчын Ерузалемскіх. Ён думае пра іншых.
Езус абяцае Сваё Валадарства добраму злачынцу. Ён прабачае.
Езус гаворыць апошнія словы да маці і вучня. Ён клапоціцца пра блізкіх.
Сваім адказам на цярпенні Езус выяўляе нам лепшае з таго, што значыць быць чалавекам. У гэтым усім няма цудаў. Няма неспадзяваных ацаленняў. Няма выгнаных дэманаў. Няма прыповесцяў. Калі б хтосьці ўпершыню даведаўся пра Езуса менавіта падчас Яго Крыжовай пакуты, нічога больш не ведаючы з Евангелля, то ён мог бы вырашыць, што Езус быў звычайным чалавекам, які перажыў самоту, душэўны і фізічны боль, знясіленне і, у канчатковым выніку, смерць. Езус нічым не адрозніваецца ад нас.
Тым не менш ёсць нешта незвычайнае, і мы можам выразна гэта заўважыць у тым, як Езус адказвае на ўціск. Ён не шалее, не бядуе, не шкадуе сябе. Не, замест гэтага Ён супрацьстаіць ударам, катаванням і здзекам з годнасцю, любоўю і прабачэннем.
Ён паказвае нам, што значыць быць сапраўдным чалавекам.
Гэры Янсэн
Крыніца: Responses to Suffering