Ці мы стаялі калі-небудзь моўчкі, хоць карцела бараніцца ад несправядлівых папрокаў?
Ці хоць раз мы прабачылі, не атрымаўшы за тое ніякай ўзнагароды, а наша маўклівае дараванне было прынята як належнае?
Мы былі калі-небудзь паслухмянымі не з прымусу (калі любы іншы выбар пагражаў непрыемнасцямі), але з прычыны таго таямнічага, неспасцігальнага, якое называем Богам і Яго воляй?
Можа мы ахвяравалі ўжо нешта без падзякі, без прызнання, нават без пачуцця ўнутранага задавальнення?
Ці калі-небудзь адчувалі сябе дарэшты самотнымі?
Ці наважыліся мы хоць раз зрабіць штосьці, беручы пад увагу толькі сваё сумленне, у такой справе, дзе ніхто нам нічога не здолеў бы сказаць, дзе няма каму нам усё растлумачыць, там, дзе застаешся адзін і ведаеш, што прымаеш рашэнне, якое ніхто на сябе не возьме, і за якое будзеш вечна адказным?
Паспрабавалі мы ўжо любіць Бога тады, калі знікла хваля гарачых пачуццяў, ды ўжо нельга сябе і сваю прагу жыцця зблытаць з Богам; любіць Яго там, дзе здаецца, што паміраеш ад любові, якая выяўляецца як смерць і абсалютнае адмаўленне; там, дзе нібыта клічаш у пустэчы, і ніхто цябе не чуе; там, дзе гэтая любоў выглядае жахлівым скокам у бездань; там, дзе ўсё здаецца заблытаным і бессэнсоўным?
Ці хаця б аднойчы мы споўнілі абавязак, які, на першы погляд, можна выканаць толькі з пачуццём поўнага самаадрачэння, і які адначасова здаецца неверагодным глупствам, за што ніхто не скажа “дзякуй”?
Ці зрабілі мы штосьці добрае чалавеку, ад якога не дачакаешся нават рэха ўдзячнасці і разумення, а ў нас саміх не было пры тым ні пачуцця ахвярнасці, ні ценю добразычлівасці?
Давайце шукаць саміх сябе менавіта ў такім досведзе нашага штодзённага жыцця; давайце знаходзіць магчымасці для гэткага досведу, калі з кожным з нас асабіста адбываюцца рэчы, падобныя вышэйназваным. Калі мы пройдзем праз гэта, то адчуем, які Дух дзейнічае там. Досвед, аб якім ідзе гаворка, з’яўляецца досведам вечнасці; досведам таго, што Дух выходзіць за межы нашага часовага свету; досведам, што сэнс чалавека не вычэрпваецца сэнсам і шчасцем гэтага свету; досведам прыгод і ўнутранай упэўненасці для вырашальнага кроку, досведам, які больш не мае ніякіх прычын, прыдатных для зухваласці ці абумоўленых поспехам у гэтым свеце.
Карл Ранер SJ
Фота: Янез Север SJ