Мы стараемся зразумець, хто на нас уплывае — добры ці злы дух, каб быць у стане прымаць добрыя рашэнні, ідучы за штуршкамі добрага духа, і адкідваць стымулы злога духа. Карыстаючыся на малітве духоўнымі практыкаваннямі св. Ігнацыя Лаёлы і дапамагаючы сабе рахункам сумлення, мы становімся ўсё больш уражлівымі да таго, што Ігнацый называе «рухамі душы». Гэтыя ўнутраныя рухі складаюцца з думак, уяўленняў, эмоцый, схільнасцяў, прагненняў, пачуццяў, агіды да пэўных рэчаў і захаплення іншымі рэчамі.
Прыгадаем сабе, што Ігнацый, калі апамятаўся пасля ранення ў нагу і думаў пра будучыню, то заўважаў у сабе розныя ўнутраныя рухі. Пра гэта ў сваёй аўтабіяграфіі ён піша так (ад трэцяй асобы):
Аднак не звяртаў на гэта ўвагі і не затрымліваўся над ацэнкай той розніцы аж да хвіліны, калі аднойчы нібы адкрыліся яму вочы і пачаў ён дзівіцца той розніцы і задумвацца над ёю.
Гэты досвед прывёў яго да разумення, што адны думкі рабілі яго сумным, а іншыя — радасным. І так паволі ён дайшоў да пазнання розных духаў, якія ў ім дзейнічалі, — аднаго д’ябальскага, а другога Божага. Іншымі словамі, Ігнацый верыў, што гэтыя ўнутраныя рухі былі вынікам дзеяння «добрых духаў» і «злых духаў».
Духоўнае распазнаванне заснавана на разважанні над тым, што нас унутрана кранае, каб мы маглі зарыентавацца, адкуль паходзіць і куды нас вядзе тое, што намі рухае. Мы стараемся зразумець, хто на нас уплывае — добры ці злы дух, каб быць у стане прымаць добрыя рашэнні, ідучы за штуршкамі добрага духа, і адкідваць стымулы злога духа. Распазнаванне духаў дапамагае зразумець волю або жаданне Бога ў адносінах да нашай асобы.
Размовы пра добрых і злых духаў могуць здавацца чужымі ментальнасці сучасных людзей… У псіхалогіі дастаткова іншых тэрмінаў для акрэслення таго, што Ігнацый называў добрымі або злымі духамі. Мы сёння ведаем значна больш, чым Ігнацый, на тэму чалавечых матывацый і ўплыву культуры і грамадства на нашую псіхіку як адзінак. …Аднак зло існуе сёння ў многіх постацях. Зло з’яўляецца часткай нас саміх, нягледзячы на тое, што яно большае за нас. …Касмічная бітва паміж дабром і злом трывае ў кожным чалавечым сэрцы. Аднак, хоць зло велізарнае, яшчэ большая дабрыня Бога.
Прынцыпы распазнавання добрых і злых духаў
Ігнацый прыводзіць нам у Практыкаваннях розныя прынцыпы, якія дазваляюць распазнаваць духаў (Духоўныя практыкаванні 313-336). Ніжэйпрыведзеныя ўступныя правілы паказваюць агульнае дзеянне добрага і злога духа. Іх уласцівае прымяненне залежыць ад таго, наколькі добра ведае сябе асоба, у якой дзейнічаюць гэтыя духі.
Парада першая. У выпадку асобаў, якія трываюць у граху, або тых, якія закрыліся на ласку Бога, добры дух «трасе» іх, узбуджаючы дакоры сумлення, ён кідае ў неспакой і «дзяўбе іх сумленні» (ДП 314). Добры дух стараецца прыцягнуць увагу такіх людзей, каб яны вярнуліся да Бога. А вось злы дух, у сваю чаргу, не хоча для іх нічога акрамя таго, каб заставаліся ў замяшанні і цемры. Таму злы дух стараецца, каб яны былі задаволены сабою, падсоўваючы ім розныя адгаворкі і апраўданні, вабячы чарговымі прыемнасцямі і рассейваючы ўвагу.
Парада другая. Уплываючы на асобаў, якія ўзрастаюць у веры, надзеі і любові і стараюцца весці жыццё, мілае Богу, злы дух стараецца спіхнуць іх з гэтага шляху, абуджаючы ў іх неспакой і страх, фальшывы смутак, непатрэбную ўнутраную разгубленасць, фрустрацыю і ствараючы іншыя перашкоды.
Добры дух, наадварот, умацоўвае, дае адвагу, суцяшае, выдаляе перашкоды і напаўняе спакоем (ДП 315).
Парада трэцяя. У распазнаванні духаў часта ўжываюцца два тэрміны, якія апісваюць унутранае жыццё:
Духоўнае суцяшэнне — гэта пачуццё, якое распальвае ў нас Божая любоў, і прытым да такой ступені, што мы адчуваем сябе прыспешанымі да таго, каб праслаўляць і любіць Бога, а таксама служыць Яму і дапамагаць іншым настолькі добра, наколькі мы зможам.
Духоўнае суцяшэнне спрыяе глыбокаму пачуццю ўдзячнасці за вернасць і міласэрнасць Божую і за тое, што нас суправаджае. У духоўным суцяшэнні мы адчуваем сябе больш напоўненымі жыццём і звязанымі з іншымі. Ігнацый так падсумоўвае гэты стан: «Урэшце я называю суцяшэннем усялякае памнажэнне надзеі, веры і любові, і ўсялякай унутранай радасці, якая заклікае і прыцягвае да нябесных рэчаў і да ўласцівага дабра [і збаўлення] сваёй душы, даючы ёй адпачынак і заспакаенне ў Стварыцелі і сваім Пану» (ПД 316).
Пакінутасць, наадварот, з’яўляецца досведам душы, якая знаходзіцца ў густым змроку або замяшанні. Нас атакуюць усялякія сумневы. Бамбардзіруюць спакусы, і мы заблытаныя ва ўсё, што датычыць нас саміх. Мы занадта ўзбуджаныя і неспакойныя, адчуваем сябе аддзеленымі ад іншых. Гэта стан, як кажа Ігнацый, які «схіляе да недаверу, [стан] без надзеі, без любові. Тады душа сцвярджае, што яна зусім лянівая, халаднаватая, сумная і нібы адлучаная ад свайго Стварыцеля і Пана» (ДП 317).
Парада чацвёртая. Слова перасцярогі: духоўнае суцяшэнне не заўсёды азначае шчасце, а засмучэнне не заўсёды азначае смутак. Часам досвед смутку, самотнасці або неспакою — гэта момант навяртання і блізкасці з Богам і іншымі людзьмі.
Перыяды цярпення могуць быць хвілінамі ласкі. Калі, напрыклад, я быў побач з маім бацькам у хвіліну яго смерці, то адчуваў вялікі смутак, але адначасова я зведаў глыбокі спакой, дзякуючы пачуццю блізкасці з ім і рэштаю сям’і, якая тады мне была дадзена.
Іншы прыклад — гэта дакоры сумлення, якія з’яўляюцца, калі я параню іншага чалавека, і якія ўрэшце могуць прывесці да радасці як выніку паяднання з гэтай асобай. І наадварот, наш унутраны спакой або шчасце могуць быць ілюзіяй або самападманам, калі яны толькі прыкрываюць справы, якія патрабуюць ад нас дзеяння. Я магу адчуваць сябе цалкам шчаслівым, квітнець у добра мне вядомым грэшным навыку, наступстваў якога я не заўважаю.
Тут я маю на ўвазе тое, як лёгка нам удаецца атупляць сябе лішкам працы, бессэнсоўнымі забавамі або быць самазадаволенымі, пазбягаючы адначасова цяжкай размовы з асобай, якую мы любім. Таксама і ў гэтым выпадку ключавое пытанне гучыць так: «Адкуль паходзіць гэты рух і куды мяне вядзе?»
Парада пятая. Распазнаванне духаў патрабуе пачуццёвай сталасці, унутранага спакою і ўмення даглядаць за сваім унутраным жыццём. Распазнаванне патрабуе практыкі, бо мы вучымся «распазнаваць духаў» метадам спроб і памылак.
Такой штодзённай практыкай распазнавання духаў з’яўляецца рахунак сумлення, які павінен быць рэгулярным. (…) Распазнаванне духаў — гэта таксама мастацтва. Ігнацый дае нам мудрыя і канкрэтныя правілы адносна такога распазнавання, аднак мы часта павінны імправізаваць і дастасоўвацца да дадзенай сітуацыі, бо Бог дзейнічае ў кожным з нас непаўторным чынам. Мудры духоўны кіраўнік або блізкая асоба могуць дапамагчы распазнаць нашы ўнутраныя рухі.
Ва ўсім, што робіш, старайся ісці за Богам, які дзейнічае праз «добрых духаў», за сваім здаровым розумам і за падказкамі добрых людзей у тваім атачэнні.
Да душаў тых, хто чыніць прагрэс ад добрага да лепшага, добры анёл дакранаецца салодка, лёгка і лагодна, нібы кропля вады пранікае ў губку; злы ж дух дакранаецца да такой душы востра, з водгукам і неспакоем, як тады, калі кропля вады падае на камень (ПД 335).
А. Кевін О’Брайен SJ
Пераклад: Валянціна Грамыка. Catholic.by
Фота Mudassir Ali. Pexels