«Беларусь – такое месца, дзе Каталіцкі Касцёл вельмі “адчуваецца” – у грамадстве, у культуры. Вельмі моцная прысутнасць і Праваслаўнай Царквы, і Каталіцкага Касцёла. Я думаю – гэта вельмі вялікі шанс для Беларусі. Я перш за ўсё бачыў гэта і адчуў у змешаных сем’ях, каталіцка-праваслаўных. Я лічу, што гэта Божы зарад новай, магчыма, яшчэ неспазнанай любові, аб якой марыў Езус», — лічыць айцец Станіслаў Памыкала з езуіцкай супольнасці ў Віцебску. Прапануем інтэрв’ю, якое святар даў у 2014 годзе Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
– Айцец Станіслаў, Вы працуеце ў Беларусі, у Віцебскай дыяцэзіі, дзе адбыліся значныя змены, быў прызначаны новы біскуп, а новы біскуп – гэта новы стыль, новы погляд на душпастырства. Скажыце, калі ласка, якой Вы бачыце Беларусь, Касцёл у Беларусі, чым адрозніваюцца католікі Беларусі ад вернікаў у іншых краінах, Вы 20 гадоў працавалі ў Расіі, перад гэтым – у Польшчы, у чым спецыфіка душпастырства ў Беларусі?
– Зараз, калі я ўжо амаль тры гады жыву і працую ў Беларусі, я глыбока зразумеў, чым адрозніваюцца беларусы ад палякаў, расіян, украінцаў. Напрыклад, для палякаў усё, што на ўсход, – гэта рускія, і гэта няпраўда. Для мяне вельмі важны момант, што я сустракаюся менавіта з беларусамі – праз іх мову, культуру, менталітэт. Беларусь – такое месца, дзе Каталіцкі Касцёл вельмі “адчуваецца” – у грамадстве, у культуры. Вельмі моцная прысутнасць і Праваслаўнай Царквы, і Каталіцкага Касцёла. Я думаю – гэта вельмі вялікі шанс для Беларусі. Я перш за ўсё бачыў гэта і адчуў у змешаных сем’ях, каталіцка-праваслаўных. Я лічу, што гэта Божы зарад новай, магчыма, яшчэ неспазнанай любові, аб якой марыў Езус, па якой будуць распазнаваць Яго вучняў па-за межамі Касцёла. Гэта такі экуменізм, які з’яўляецца самым важным. Мы адраджаемся з попелу, мы доўгія гады павінны былі думаць, як выжыць. І зараз мы толькі пачынаем жыць, мы яшчэ не жывём тым поўным жыццём, якім бы хацелася жыць і католікам, і праваслаўным. Мы ў шматлікіх пытаннях яшчэ залежым ад мінулага, ад складанага мінулага. Але тым не менш існаванне католікаў і праваслаўных на гэтай тэрыторыі, спецыфіка беларускай культуры і геапалітычнае становішча – усё гэта дае падмурак, каб думаць аб будучыні. Мы павінны выкарыстоўваць гэты гістарычны момант, каб у першую чаргу адмовіцца ад нейкіх форм суперніцтва і параўнання.
– Што Каталіцкі Касцёл можа сёння прапанаваць беларускім вернікам, католікам, беларускаму грамадству?
– Я думаю, што наш Касцёл быў доўгі час звязаны з традыцыяй, акрэсленымі формамі паводзін, а зараз прыйшоў час новай паглыбленай евангелізацыі і стварэння “новага” Касцёла. Ёсць ужо новыя пакаленні святароў, якія нарадзіліся і выраслі на беларускай зямлі. Хоць ім часам цяжка знайсці сваю тоеснасць, бо няма прыкладу больш сталых пакаленняў беларускіх святароў, яны ўжо адышлі ў вечнасць, але гэта маладыя людзі, гэта вялікі патэнцыял. Яны ўжо маюць іншае разуменне Касцёла. І важна, каб мы таксама паміж сабой пачалі працаваць па-іншаму, выходзіць з таго абрадавага разумення Касцёла – месца абрадаў ці рытуальных паслуг – да бачання Касцёла ва ўзаемаадносінах са знешнім светам, каб стваралі новы тып адносін, у якім ёсць усведамленне адказнасці за сваю зямлю, народ, культуру.
– Ёсць маладыя святары з іншым поглядам на рэчаіснасць, ментальнасцю, з іншым запалам – ці гэтага дастаткова?
– Сітуацыя змянілася і ў тым сэнсе, што ёсць тры новыя біскупы, і гэта таксама змяняе Канферэнцыю Біскупаў, яна абнаўляецца, іншыя рашэнні, іншымі становяцца адносіны. Я таксама гэта бачу па апошніх сустрэчах нашага біскупа Алега Буткевіча са святарамі і вернікамі. І ён вельмі адкрыты на людзей, такі сапраўдны пастыр, пробашч, ён адчувае свой народ, і людзям гэта патрэбна. Менавіта так і будзе нараджацца новы падыход да Касцёла, да супольнасці, новае разуменне Касцёла. Мы часта жылі ў своеасаблівай апалогіі, абараняючыся, нам ужо гэта не патрэбна. Мы павінны быць адкрытымі на Бога, павінны дазволіць Богу дзейнічаць праз нас. Не абараняцца, а быць у гармоніі з Богам. Гэта вельмі важна. І калі Бог будзе праз нас дзейнічаць, гэта будзе сюрпрыз для нас саміх.
– Прабачце за крыху “ўтылітарнае” пытанне: які Касцёл патрэбны сёння Беларусі?
– Патрэбны сапраўдны Касцёл. Касцёл, які адчувае сваю адказнасць. Касцёл, які перастаў быць супольнасцю “спажыўцоў” сакральнага. Таму што мы часта застаёмся спажыўцамі пабожнасці, сакрамэнтаў, традыцыі. Нам патрэбны Касцёл людзей, якія свядома хочуць ствараць супольнасць, якая не будзе падобна да той, што была. І гэта залежыць ад таго, наколькі мы, святары і біскупы, паміж сабой зможам размаўляць, дзяліцца клопатамі. Касцёл нараджаецца з жыцця, гэта не нейкі ідэалагічны праект, які задумалі і ажыццявілі. Касцёл – гэта заўсёды сюрпрыз і нечаканасць. І той Касцёл, які адраджаецца на беларускай зямлі, будзе для нас, католікаў і праваслаўных, сюрпрызам, таму што гэта Божая ласка, а яе не вылічыш, не запраграмуеш. Мы павінны быць адкрытымі на новае, а гэта нараджаецца часам на кухні, часам у Касцёле, часам па дарозе – калі размаўляем паміж сабой. Такі зараз час.
Фота Святланы Вайсковіч