У разважаннях пра формы малітвы немагчыма абмінуць увагай малітоўнае чытанне Святога Пісання.

Як сказана на пачатку Бібліі, Бог праз Слова стварае ўсё. Тое ж паўтарае евангеліст Ян, называючы Словам Божага Сына.
Слова, змешчанае ў Старым і Новым Запавеце, становіцца дасягальным для нас. Папа Бенедыкт XVI у адгартацыі “Verbum Domini” адзначае: “Божае слова знаходзіцца ў аснове кожнай сапраўднай хрысціянскай духоўнасці”. Гэтае сцверджанне запрашае нас паглядзець на ўласнае стаўленне да малітвы Божым словам. Ці маё духоўнае жыццё стаіць на трывалым падмурку? А можа, біблійныя разважанні здаюцца неабавязковым упрыгожаннем, “раскошай”, даступнай толькі некаторым людзям?

Як сцвярджаў св. Амброзій, “калі чалавек з вераю бярэ ў рукі Святое Пісанне і чытае яго, зноў ходзіць з Богам у раі”. Для гэтага дастаткова толькі адкрыць Біблію? Знешне – так, але за ўдакладненнем: “з вераю” стаіць шматвяковая традыцыя Касцёла. Сама падрыхтоўка і працэс малітоўнага чытання будзе адрознівацца ад звычайнага, калі чалавек мае намер даведацца аб падзеях і постацях Святога Пісання.

Сярод розных метадаў чытання Божага слова ў духу веры найбольш вядомы – lectio divina. Каб коратка нагадаць асноўныя этапы гэтай малітвы, скарыстаемся вышэйзгаданай адгартацыяй папы Бенедыкта XVI.

“Распачынаецца яна [lectio divina] чытаннем (lectio) тэксту, якое абуджае жаданне праўдзівага пазнання яго зместу: што гаворыць біблійны тэкст сам па сабе? Без гэтага этапу існуе небяспека, што тэкст стане толькі прычынай, каб ніколі не выйсці па-за ўласныя думкі.

Затым наступае разважанне (meditatio), у якім ставім сабе пытанне: што гаворыць нам біблійны тэкст? Тут кожны асабіста і таксама супольнасць павінна адкрыцца на яго і супаставіць сябе з ім, паколькі маецца на ўвазе разважанне над словамі, сказанымі не ў мінулым, але ў дадзеную хвіліну.

Затым падыходзім да этапа малітвы (oratio), якая прадбачыць пытанне: што мы гаворым Пану ў адказ на Яго словы? Малітва ў якасці просьбы, заступніцтва, падзякі і праслаўлення – гэта першы спосаб, праз які Слова нас змяняе.

Урэшце lectio divina заканчваецца кантэмпляцыяй (contemplatio), падчас якой прымаем як дар Бога Яго погляд пры ацэнцы рэчаіснасці і пытаемся: якой змены мыслення, сэрца і жыцця патрабуе ад нас Пан? […] Божае слова становіцца тут крытэрыем распазнання, яно «жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца» (Гбр 4, 12).

Варта таксама нагадаць, што lectio divina ў сваёй дынаміцы не заканчваецца, пакуль не прывядзе да дзеяння (actio), якое чыніць, што жыццё веруючага становіцца дарам для іншых у любові” (Verbum Domini, 87).

Тут варта нагадаць і аб адкрытасці сэрца на дзеянне Святога Духа. Гэтая малітва асаблівым чынам патрабуе загадзя вызначанага часу і ўнутранай шчодрасці, каб адпаведна падрыхтавацца. Супакоіць сэрца… Усвядоміць, што Бог мяне чакае… Абудзіць інтэнцыю, “жаданне сапраўднага пазнання”… Прачытаць Слова павольна і не адзін раз… Пабыць з ім у цішыні, паразважаць, задацца пытаннямі…

Усе элементы lectio divina невыпадковыя і каштоўныя. Як піша папа Бенедыкт XVI, у разважанні мы “павінны адкрыцца” на тэкст і “супаставіць сябе з ім, паколькі маецца на ўвазе разважанне над словамі, сказанымі не ў мінулым, але ў дадзеную хвіліну”. Вось цяпер, калі я малюся, Божае слова і з’яўляецца “жывым і дзейсным”. Не 2-3 тысячы гадоў таму, а ў дадзеную хвіліну. Іншымі словамі, малітоўнае пазнанне Святога Пісання дазваляе актуалізаваць яго змест у сваім сёння, што ў сваю чаргу ўплывае на наша жыццё. Разважаючы над выбраным урыўкам, задаёмся пытаннем: а што са мной? Якія наступствы мае праўда, якую адкрывае Бог, канкрэтна для мяне? Як яна асвятляе мінулае і дапамагае лепш зразумець яго? Што гаворыць пра будучыню?

Не заставацца назіральнікам за падзеямі, не праглядаць фільм, не ўспамінаць гістарычныя звесткі, не чытаць, як раман з захапляльным сюжэтам, бо гэтага мала – малітоўнае разважанне сягае невымерна далей. Мы запрошаны ўнесці ў біблійную сцэну сваё жыццё, пачуцці, сваю непаўторнасць, якой бы яна ні была. Можам дазволіць сабе стаць часткай евангельскай сцэны.

“Біблійная гісторыя закранае таямніцу маёй асобы, а мая таямніца ўплывае на гісторыю” (а. Джон Вэлтры SJ).

Можна сказаць, што тэкст “працягвае мне руку”. Так дасягае нас Майсей, абвяшчаючы запаведзі Дэкалога, часам звяртаючыся наўпрост на “ты”. Так прарок Ісая апавядае нам пра вінаграднік свайго Сябра, заклікаючы да навяртання. Так усцяж “новы” кароль Егіпта мудруе над планамі ўціску Божага народу, “Майго першынца”, як асцерагае яго Бог. І гэтым дзіцяткам, над якім чувае Пан, з’яўляецца кожны з нас. Тут і цяпер. Уваскрослы Хрыстос ідзе побач, хоць гарады і вёскі, у якія спяшаемся, ужо не называюцца Эмаус.

Фота са старонкі vaticannews.va

Такое ўспрыманне і ўзаемадзеянне са Словам дае магчымасць перамяніць сваё жыццё, абуджае, прынамсі, жаданне стаць лепшым, дазваляе духоўна ўзрастаць і сустракацца з Богам у рэальным жыцці, а не ў сваіх ілюзіях.

У рэчаіснасці падчас малітвы можа здарыцца і так, што нават нягледзячы на жаданне і высілак узнікае адчуванне, нібы нічога не адбываецца. Менавіта ў такія хвіліны можам выразна ўсвядоміць: малітва з’яўляецца Божым дарам. Нават у збянтэжанасці і смутку важна застацца ў дыялогу з Богам, прасіць Яго паказаць прычыну такога стану, з пакорай прымаючы ўсё, што Ён адкрывае, у тым ліку Яго маўчанне. Па сутнасці, Божы ўплыў на нашу душу адбываецца на недасяжнай для чалавечых пачуццяў глыбіні. Часам трэба толькі цярплівасць і дзіцячы давер да Яго няспыннай працы над намі і над светам.

Божае слова, пачутае сёння, прадугледжвае дзейсны адказ – actio. Што значыць скрозь усё жыццё “станавіцца дарам для іншых у любові”? Паразважаем над гэтым пытаннем.

Малітва і дзеянне

Калі чалавек успрымае Божае слова не як інфармацыю ці добрае пажаданне, але як сённяшняе пытанне, заклік, прапанову, якая прадугледжвае асабісты адказ, тады біблійны тэкст адкрывае сваё прагматычные вымярэнне, тады гэта прыносіць плён. Таму, як адзначае папа Бенедыкт XVI, “lectio divina ў сваёй дынаміцы не заканчваецца, пакуль не прывядзе да дзеяння (actio), якое чыніць, што жыццё веруючага становіцца дарам для іншых у любові” (Verbum Domini, 87).

На першы погляд, шлях ад малітвы да актыўнасці здаецца даволі кароткім: закрыў Біблію, устаў і пачаў дарыць сябе ў любові. Канешне, Бог можа даць яснае бачанне наступнага кроку, і тады важна не марудзіць і не адкладваць. Аднак звычайна нам патрэбны некаторы час і трываласць у малітве. Напэўна, многім знаёмае глыбокае выказванне св. Яна ад Крыжа: “Пад вечар жыцця мы будзем асуджаныя з любові”. Для любові няма дакладных вызначэнняў, але мы выдатна адчуваем, калі яе не хапае.

Возьмем, напрыклад, толькі адзін верш з Бібліі. “Ты каштоўны ў Маіх вачах” (параўн. Іс 43, 4), – гаворыць Пан. Каб гэтыя словы прывялі да канкрэтных учынкаў, яны павінны стаць малітвай. І таму мы адкрываемся на Божую прысутнасць і ўсім сэрцам просім дапамогі Святога Духа, каб адважыцца пачуць і прыняць глыбіню тых слоў, якія Ён прамаўляе асабіста да кожнага:

ты
каштоўны
ў Маіх вачах.
Бывае, што сэрца так “счарсцвела”, што трэба яму паўтараць і паўтараць. Няхай жа словы Пана рэхам прагучаць унутры:

я
каштоўны
ў Тваіх вачах.
Я – такі вось наяўны, не міфічна прыгожы, я – да дна, дарэшты – каштоўны і важны. Гэтая годнасць неад’емная, яна не залежыць ні ад людскіх, ні нават ад уласных ацэнак. У Тваіх вачах… Якія Твае вочы, Пане? Якія вочы ў Любові?

Вось толькі невялікі прыклад малітоўнага разважання, у якім абмінуты ўвагай некаторыя этапы, у прыватнасці, гістарычны кантэкст прароцва. Несумненна, для лепшага разумення карысна ведаць, да якой супольнасці і ў які час Бог звяртаецца са сваім Словам. Аднак сам па сабе гэты факт не заклікае да асабістага дзеяння.

Калі ж гэтыя словы становяцца малітвай, з’яўляецца магчымасць пачуць, як Бог прамаўляе кожнае імя: “…, ты каштоўны/ая ў Маіх вачах”. Перажыванне, пражыванне Божых слоў тут і цяпер будуць уплываць на мой адказ, на рух душы. Гэта будзе азначаць высілак, часам дакучлівы, балючы або палохаючы, як скок у невядомае. І дзе, як не ў малітве, прыйдзе разуменне, што мы баімся дарэмна? Бо выканаць Божую волю – значыць рэалізаваць найглыбейшыя прагненні сэрца.

Image by congerdesign from Pixabay

 

Паверыць у Божую любоў – вялікая ласка. Каб атрымаць яе, магчыма, трэба маліцца гэтым урыўкам не адзін дзень, вяртацца да яго, бачыць і радавацца знакам Божай прысутнасці ў будзённым жыцці. Са здзіўленнем глядзець на іншых людзей, гэтак жа бясконца любімых, і задавацца пытаннем: “Пане, як мне любіць сябе і іх так, як Ты?”.

Чытанне і слуханне Божага слова дапамагае “слухаць” і “чытаць” рэчаіснасць. Пасля адкрытай і глыбокай малітвы змяняецца ўспрыманне падзей, абавязкаў, патрэб, мэт. Нават тое, што даўно стала руцінай, напаўняецца новым духам. Прагненне дзейсна адказаць на Божую любоў вядзе да жадання наследаваць Пана, пераймаць Яго погляд, каб вера станавілася компасам жыцця.

Несумненна, дапамогай у адшуканні спосабаў дзеяння могуць стаць прыклады святых і бласлаўлёных. Як яны жылі Евангеллем, рэалізавалі гэтае actio? Найперш, як падказвае нам папа Бенедыкт XVI, “трэба глядзець на Тую, у якой дасканала выявілася сувязь паміж Божым словам і верай – на Панну Марыю […]. Яе паслухмяная вера фарміруе кожную хвіліну Яе жыцця адносна ініцыятывы Бога. Дзева, якая ўважліва слухае, жыве ў поўнай гармоніі з Божым словам; захоўвае ў сваім сэрцы падзеі з жыцця свайго Сына, нібы выкладваючы з іх адну мазаіку” (Verbum Domini, 27). Марыя “ў вялікім Божым плане ўмела заўважыць глыбокую думку, якая яднае падзеі, чыны і рэчы на першы погляд не звязаныя адно з адным” (Verbum Domini, 87).

Якія прыгожыя вобразы: выкладванне мазаікі, звязванне ў адзінае цэлае і адказ усім сваім жыццём. Можна назваць гэта майстэрствам ткаць з паасобных каляровых нітак цудоўнае ўзорнае палатно. Адзін фрагмент, нават адзін радок з Кнігі Кніг, якім мы молімся, з’яўляецца нібы нітачкай. Выглядае тонкай і няважнай, але, уплеценая ў нашу штодзённасць, можа стаць пачаткам новага ўзору. Нічога, калі вачам ён пакуль недасяжны. Даверымся вачам Таго, хто глядзіць на нас з любоўю.

Клімовіч Тэрэса

Упершыню апублікавана ў газеце “Слова Жыцця” № 16 (522) 2019 і № 18 (524) 2019

Антоніо Бранзіно. Фрагмент карціны “Святая Сям’я”