27 верасня 2019 г. генеральны настаяцель езуітаў а. Артуро Соса абвесціў 2021/22 год ігнацыянскім юбілеем: ён пачнецца 20 мая 2021 года ў 500-ю гадавіну ранення Ігнацыя ў Памплоне, якое прывяло да яго духоўнага навяртання, і скончыцца 31 ліпеня 2022 года ў дзень літургічнага ўспаміну святога заснавальніка Таварыства Езуса. Адным з кульмінацыйных момантаў юбілейнага года будзе святкаванне 400-й гадавіны кананізацыі святога Ігнацыя 12 сакавіка 2022 года (у той жа дзень святымі былі абвешчаны адзін з першых таварышаў Ігнацыя Францішак Ксаверы, а таксама Тэрэза Авільская, Ізыдор Мадрыдскі і Філіп Нэры).
У лісце да сабратоў з нагоды юбілея а. Соса піша: «Жадаю, каб на працягу гэтага ігнацыянскага года мы пачулі, як Пан кліча нас і каб мы дазволілі Яму навярнуць нас, ідучы за натхненнем, якое паходзіць з досведу Ігнацыя… Прыбываючы ў Манрэсу на шляху свайго пілігрымавання ў Святую Зямлю, Ігнацый ідзе духоўным шляхам кожнага навернутага грэшніка, кожнага, хто шукае Бога. Гэта актуальна і для нас, і дэвізам юбілея з’яўляюцца словы “Бачыць усё адноўленым у Хрысце”».