У разважаннях пра малітву мы ўсё яшчэ знаходзімся на яе парозе. Але хіба гэта не парог роднага дома, дзе нас чакае хтосьці вельмі блізкі? Магчыма, пасля доўгага перапынку ў практыцы малітвы вяртаемся да гэтага “парога”, як блудны сын, з апушчанай галавой? Сама ж сустрэча з Богам, як запэўнівае Езус, азначае прыняцце і прабачэнне. Нават калі цяжка адчуць гэта, варта, прынамсі, памятаць, што Бог нас чакае.
Кожны раз мы вяртаемся крыху іншымі, чым былі раней. З чым прыходзім, чаго прагнем, на што спадзяёмся? Выказваем гэта ў сваіх інтэнцыях, малітоўных намерах. Але і тут можна трапіць у крайнасць, а менавіта – паблажлівасць і апантанасць сваімі просьбамі.
Першая можа здарыцца па прычыне няўважлівасці, недахопу часу, як апраўданне, што “Бог і так усё ведае раней, чым я папрашу”. Сутнасць жа ў тым, што просьба да Бога – добра ўсвядомленая і не забытая намі – дасць магчымасць заўважыць і ўшанаваць гэты дар, інакш кажучы, адчуць канкрэтную, радасную, сардэчную ўдзячнасць, а таксама паверыць, што Бог прагне нашага шчасця і поўні жыцця. У будучым Ён дазволіць з большым даверам і спадзяваннем прасіць нават немагчымых з чалавечага пункту гледжання рэчаў.
Адносна другога крайняга падыходу магу падзяліцца ўласным досведам. Калісьці я думала, што трэба трымаць у галаве інтэнцыю на працягу ўсёй малітвы. Зараз гэта выглядае смешным, быццам Бог такі рассеяны, што можа імгненна пераключыцца з маёй праблемы на штосьці іншае, і таму Яму трэба няспынна нагадваць пра сябе. Але на самой справе ўсё наадварот. Малітва – гэта збавенны перанос увагі з сябе на Бога. Калі спярша я прыношу Яму сваю просьбу, інтэнцыю, падзяку, то ад гэтага моманту яна ў надзейным месцы, не згубіцца, не патоне ў моры “чужых” просьбаў. Можна – і трэба – выпусціць яе з рук, бо Пан хоча забраць мой цяжар. Не толькі прыгожы, як спеў праслаўлення, але і брудны, як грэх, з якім ідзём на споведзь. Калі ўсвядоміць гэтае “аддаю Табе”, Божае прыняцце, неабыякавасць, увагу, тады можна ўрэшце паслухаць Яго, а не толькі сябе: у Святым Пісанні, у разважаннях, у навучанні святара ў канфесіянале, які таксама стараецца слухаць Бога.
Што далей? Пошук унутранай цішыні, усведамленне Божай прысутнасці, прынясенне інтэнцыі становяцца спосабамі запавольвання хуткасці, з якой ляцім праз жыццё. Падчас малітвы сапраўды можам ехаць у аўтобусе ці ісці ў натоўпе – важнай з’яўляецца пастава сэрца.
Мы затрымліваемся ў засяроджанай малітве, каб любіць і праслаўляць Бога сваімі ўчынкамі. Але прыгледзімся, колькі “працы” выконваюць своечасовыя паўзы. Для гэтага трэба ўмець затрымлівацца, каб паразмаўляць з людзьмі, паглядзець з любоўю ў вочы свайму дзіцяці, каб зрабіць абдуманы, а не імпульсіўны выбар, каб падзякаваць, а таксама ўсвядоміць сваю памылку і знайсці спосаб выправіць яе, проста каб пабыць сам-насам з прыродай. Такія прыпынкі могуць падказаць нам, як рабіць паўзы падчас малітвы. Але можа стацца і наадварот: малітва навучыць нас лепш выкарыстоўваць іх у сваім жыцці.
Возьмем, напрыклад, нядзелю, якую касцёльная запаведзь наказвае шанаваць адпачынкам ад спраў і ўдзелам у св. Імшы. Пачынаючы ад першых раздзелаў Кнігі Быцця, у Бібліі сцвярджаецца важнасць дня, прысвечанага Пану. Як шмат глыбокіх і натхнёных разважанняў узбагачаюць наша разуменне сэнсу гэтага, па сутнасці, бласлаўлёнага прыпынку ў будзённай хадзе! Моманты цішыні ў цэлебрацыі св. Імшы пакліканы дапамагчы лепш перажыць удзел у Эўхарыстыі. Так акрамя самой падрыхтоўкі да св. Імшы кароткае маўчанне ёсць перад агульным вызнаннем грахоў, падчас адарацыі кансэкраванай Гостыі і віна, а таксама ў цішыні пасля св. Камуніі.
Вяртаючыся да індывідуальнай малітвы, цяжка абмінуць паўзы, якімі поўніцца малітва Святым Пісаннем, Ружанец, набажэнства Крыжовага шляху, рахунак сумлення і інш. Аднак пагаворым аб іх наступным разам, бо надыйшоў час зрабіць перапынак і ў гэтых разважаннях.
Напрыканцы хочацца падзяліцца адной мудрай уступнай малітвай у ігнацыянскім духу:
Няхай усё, чым я ёсць,
і ўсё, што я раблю,
праслаўляе Цябе.
Бутон распускаецца толькі пад сонечнымі, цёплымі промнямі. Спроба адкрыць пялёсткі можа толькі пашкодзіць кветцы. Гэты вобраз прыроды так нам блізкі, бо і нашае сэрца адгукаецца выключна на любоў. Калі кветка адкрываецца, можам убачыць яе нутро, яе сярэдзіну. Ці дазваляем Богу ўбачыць усё ў нашым сэрцы? Або, наадварот, сціскаемся ад адной думкі пра поўную адкрытасць Яго вачам? Можа, лічым, што лепей няхай глядзіць скрозь “пялёсткі”, стаіць за дзвярыма і не патрабуе зашмат? На самой справе, Бог і не будзе патрабаваць – гэта наша сэрца прагне Яго. Паспрабуем жа даць Божай любові магчымасць сагрэць нас.
Настаў вельмі адпаведны час, каб навучыцца ў майскіх кветак не толькі квітнець, але мець адвагу і пакору расцвісці там, дзе іх пасадзілі: пры дарозе, на клумбах – ці на пустцы, дзе выраслі зусім без догляду. Не чакаючы асаблівых умоў, яны адкрываюцца сонцу, усімі сіламі імкнуцца быць такімі, якімі іх задумаў Бог.
Клімовіч Тэрэса
Упершыню апублікавана ў газеце “Слова Жыцця” № 9 (515) 2019
Фота Віктара Жука SJ