Першы артыкул з цыклу разважанняў пра патрэбу малітвы, унутраную паставу і некаторыя формы малітвы.
Уявіце сабе такую сітуацыю: чалавек, які хоча піць і мае каля сябе кубак вады, проста не працягвае да яго руку і надалей пакутуе ад смагі. Ці ж не дзівак? Здаецца, вазьмі ды напіся! Сітуацыя, зазначу, без падводных камянёў: чалавек не паралізаваны, рукі слухаюцца, вада ў полі зроку, ніхто піць не забараняе… Не п’е, і ўсё. Што ты з ім зробіш? З вадой у пэўным сэнсе яшчэ ўдасца нешта прыдумаць, у горшым выпадку можна прымусіць піць. А з верай? З надзеяй, любоўю Божай і да Бога?
Пагляджу на сябе. Мая прага Пана і той “кубак”, які Ён ставіць побач. Не ў завоблачных высях ці на далёкіх выспах, а – умоўна кажучы – на адлегласці выцягнутай рукі. Калі Усемагутны дае, то Ягоны дар багаты, бязмерны, абмежаваны толькі нашай “ёмістасцю”, нашым прагненнем. І ў той самы час Божы дар не будзе міргаць агеньчыкамі і чапляцца за вопратку (у адрозненне ад прапаноў зла, трэба адзначыць). Тады паўстае пытанне: чым жа з’яўляецца гэты “кубак вады” для мяне? Пытанне вельмі асабістае, на першы погляд. І ўсё ж – у вымярэнні супольнасці Касцёла – агульнае, бо той вадой можна і трэба дзяліцца з іншымі людзьмі.
“Хто напоіць вас кубкам вады…” (параўн. Мк 9, 41), – гаворыць Езус. Гэта значыць, Ён ведае, што вучні не змогуць заўсёды самі наталіць смагу. Метафара вады, без якой немагчыма фізічнае існаванне, вельмі добра адлюстроўвае важнасць наталення духоўнай смагі. Яна ўпісана ў чалавечае жыццё, і можна толькі дзякаваць Богу, што можам адчуваць прагу і наталяць яе. Агульна кажучы, Ён сам і ёсць Наталенне… Толькі Пан можа па-сапраўднаму і глыбока нас суцешыць. Але як гэта можа быць?
“Шукайце найперш Валадарства Божага” (Мц 6, 33), – наказвае Езус. Здаецца, лягчэй шукаць штосьці падобнае на страчаны рай. Чаму б не пайсці за гэтым жаданнем, калі яно праўдзівае і глыбокае? Звернемся да першых радкоў Бібліі з Кнігі Быцця. Натхнёныя вершы можна прачытаць вельмі асабіста і сучасна.
Кожны новы дзень чалавек уваходзіць у створаны Богам свет, як Адам і Ева ў 6-ты дзень стварэння. Маем святло і цемру, ваду і скляпенне нябёсаў, рыб і птушак, жывёл і цэлы Сусвет, маем цела, душу і больш таго – прысутнасць Стварыцеля. І не райскіх пейзажаў мы прагнем, а гэтай прысутнасці, блізкасці, што часта называюць адносінамі з Богам. А Ён не проста памятае пра чалавека, але прапануе жывую рэальную сувязь, сваё сяброўства. Можна сказаць, што Ён чакае людской любові і не маўчыць аб гэтым, запрашае да ўзаемнасці, бо палюбіў першы, і адкрывае чалавеку, што толькі ў любові і магчыма жыццё.
Такім чынам, мы шукаем і тужым па Пану не дарэмна. “У еднасці любові, якой з’яўляецца Бог, – у Ім тры Божыя Асобы маюць узаемную любоў і з’яўляюцца Адзіным Богам, – чалавечая асоба паклікана адкрыць крыніцу і мэту свайго існавання і гісторыі”, – сказана ў Кампендыі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла (34). Кожны чалавек мае гэтае пакліканне, якое не ўдасца аспрэчыць ці пераканаць сябе, што яго не існуе. Сэрца не перастане прагнуць любові, якой з’яўляецца Усемагутны. І як цудоўна, што Ён шчодра і ахвотна наталяе людское прагненне.
Зноў вяртаемся да кубка вады. Але не дзеля таго, каб спрасціць неверагодныя, таямнічыя і невымоўныя рэчы, але каб пачаць урэшце піць жывую ваду, пачаць жыць, адкрываць Божую любоў і адказваць на яе. Час ад часу варта нагадваць сабе пра патрэбу ўважлівага слухання ў адносінах з іншымі людзьмі і ў адносінах з Панам, якія, у сваю чаргу, немагчыма ўявіць без малітвы. Яна з’яўляецца тым незнішчальным і жыццядайным кубкам вады для чалавека ў любым месцы і абставінах.
Пакуль выйдзе наступны матэрыял, прапаную разгледзецца ў тым “райскім садзе”, які кожную раніцу па Божым слове вітае нас у гэтым жыцці. Двукоссе для “раю” на зямлі нібыта і патрэбна пасля з’явы першароднага граху. Але адначасова яго можна скасаваць, калі з удзячнасцю і захапленнем прывітаць гэтую вясну і ўвесь створаны свет, а таксама тых, хто жыве ў ім побач з намі.
Тэрэса Клімовіч
Упершыню апублікавана ў газеце “Слова Жыцця” №5 (511) 2019