Распазнаванне духаў у рэальным жыцці дапамагло айцу-езуіту Робу Маршу SJ напісаць гэты артыкул. Прапануем далучыцца да айца ў дбайным разглядзе адной канкрэтнай сітуацыі і аднаго пункта з правіл святога Ігнацыя Лаёлы па распазнаванні духаў, каб убачыць, як дзейнічае ігнацыянскае распазнаванне на практыцы.
Адно мікраімгненне майго дня:
Я паглядаю на свой камп’ютар і ніяк не магу вырашыцца адкрыць файл. Хачу паспрабаваць дапісаць гэты артыкул. Збянтэжана думаю аб тым, што так я неўзабаве зноў забуксую. “А зрэшты, хто захоча чытаць тваю пісаніну?” “Ці не лепш вярнуцца да гэтага пазней, калі ты будзеш больш засяроджаным?” І тады я ўспамінаю, што апошні тэрмін напісання артыкула ўжо зусім блізка. Пачынае нарастаць трывога, але яна не дадае мне матывацыі, а хутчэй наадварот – я адчуваю сябе млявым і загразшым па вушы. Адначасова сваім перыферычным зрокам я заўважаю чыстае яснае зімовае неба і сонечныя водбліскі на оксфардскіх мурах. Святло хоча ўзняць мой настрой. У памяці ўсплывае выпадак, калі я крочыў па дарозе пад такім жа небам з высока паднятай галавой. Тады я толькі дапісаў дысертацыю і адчуваў сябе жывым, вольным… акрыленым.
Ігнацыянскую духоўнасць часта акрэсліваюць як “містыцызм выбару”, і гэта праўда. Але гэта азначае больш, чым наяўнасць метадалогіі для прыняцця рашэнняў: у сэрцы ігнацыянскай духоўнасці знаходзіцца практыка распазнавання. Тэрмін распазнаванне цяпер часта ўжываецца адносна дзвюх адрозных, але звязаных паміж сабой рэчаў: прыняцце важных жыццёвых рашэнняў, якія св. Ігнацый называў “выбарам”, і больш сціплай практыкі распазнавання духаў. І першае, і другое ўяўляюць сабой навыкі, накіраваныя на прыняцце рашэнняў не толькі вялікіх, але і тых дробных – штохвілінных, штодзённых – якія я называю мікрарашэннямі. Што я маю на ўвазе?
Згодна меркаванню св. Ігнацыя, чалавечы вопыт напоўнены паслядоўнасцю дынамічных псіхалагічных падзей, якія настаюць адна за адной, як у маім мікраімгненні вышэй – гэта ён назваў рухамі душы. Яны ўключаюць у сябе думкі, пачуцці, ідэі, вобразы, жаданні, адкрыцці, эмоцыі, схільнасці, настроі, унутраныя маналогі і г.д.: усё, што адбываецца ў галаве, сэрцы, унутраным свеце чалавека. Гэта гучыць разумна для сучаснага вуха. Што ж не здаецца такім сучасным, дык гэта перакананне св. Ігнацыя, што гэтыя рухі паходзяць з трох розных крыніц. Першыя, натуральныя (простыя і складаныя), выпрацоўвае сам чалавек. Паходжанне ж іншых рухаў душы Ігнацый выводзіць ад дзвюх знешніх сілаў, што ён называе злым і добрым духам. Добры дух імкнецца наблізіць нас да Бога і да мэты, для якой мы былі створаны, у той самы час злы дух мае намер змарнаваць усё гэта. І, па словах святога, барацьба ідзе на вельмі сціплым гульнявым полі, а менавіта, сярод безлічы мікраімгненняў, з якіх складаецца жыццё, нават калі большасць рухаў нашай душы не звязаная з Богам наўпрост.
Распазнаванне – распазнаванне духаў – гэта, перш за ўсё, разуменне розніцы паміж крыніцамі ўнутраных рухаў. У сваіх Правілах распазнавання св. Ігнацый дае нам грунтоўнае апісанне таго, чым ёсць праца добрага і злога духа ў сэрцы чалавека, і якія рухі яна выклікае.
Дазвольце мне прывесці цытату з яго апісання:
“…злому духу ўласціва выклікаць згрызоты, журбу і ставіць перашкоды, усяляючы неспакой хлуслівымі доказамі, каб чалавек не ішоў наперад… Добры дух, наадварот, умацоўвае, дае адвагу, сілу, суцяшэнне, слёзы, натхненне і супакой, нясе палёгку і выдаляе перашкоды, каб чалавек рухаўся наперад у добрых справах.” (пар. ДП 315).
Незалежна ад таго, лёгка ці складана будзе ўсвядоміць гэтую розніцу, гэта стане толькі пачаткам. Святы Ігнацый даў наступны, старанна сфармуляваны загаловак: “Правілы, якія дазваляюць некаторым чынам адчуваць і спазнаваць розныя рухі, што ўзнікаюць у душы: добрыя, каб іх прымаць, і дрэнныя, каб іх адкідаць”. Спачатку мы павінны распазнаць, затым – зразумець, і тады – зрабіць выбар: прыняць або адкінуць, наколькі гэта ў нашай моцы. Возьмем маё мікраімгненне. Звярнуўшыся да ігнацыянскай характарыстыкі добрага і злога духаў, даволі проста выявіць крыніцу думак, але як жа цяжка, нават пасля доўгай практыкі, зноў і зноў брацца за распазнаванне ўсяго, што ўзнікае ў маёй душы. А далей надыходзіць яшчэ больш сур’ёзны момант! Калі я ведаю, “у пэўнай ступені”, адкуль узяліся тыя ці іншыя фрагменты майго мікраімгнення, то атрымліваю магчымасць выбраць, “у пэўнай ступені”, якім натхненням я аддам перавагу. Што я прыму, а што адкіну? Вось я сяджу зараз і набіраю тэкст (і выдаляю даволі шмат, о, так), і само гэта сведчыць пра мікравыбар, зроблены мной. Я адкінуў падказкі злога духа і прыняў тое, што прапанаваў добры дух.
Выглядае даволі… статычна, таму прыгледзімся бліжэй. Я хачу сказаць, што напісанне артыкула не стала ўчынкам маёй сілы волі. Адмова ад намоваў злога духа – не столькі супрацьстаянне ім, а хутчэй адстаўленне набок, адбіранне ім “права голасу”, безуважлівасць да іх. Прамое падаўленне часта вядзе да ўзмацнення шуму, які ўсчыняе злы дух. Жадаючы адпрэчыць рух душы, выкліканы злым, лепш за ўсё рабіць гэта далікатна, але цвёрда, і варта памятаць, што на гэтым этапе мы толькі адмовіліся ісці ў тым накірунку, да якога ён нас схіляў. А каб здарылася нешта добрае, трэба прыслухацца да добрага духа. Як мы прымаем яго натхненні? Мне падабаецца сугучнасць прыняцця з гасціннасцю. Каб прыняць кагосьці як мага лепш, трэба прысвячаць увагу, затрымлівацца і слухаць, цешыцца прысутнасцю, узаемадзейнічаць з гасцямі, а ў нашым выпадку – з унутранымі рухамі, якія дае нам добры дух. Падчас такога працэса прыняцця незаўважна адбываецца штосьці яшчэ. Адносна майго мікраімгнення, згадка, якая ўзнікла ў памяці, спачатку была проста згадкай, намёкам, следам, рэхам блакітнага неба і ззяючых муроў, якія прыцягнулі маю ўвагу праз аконную фіранку. Але, заўважыўшы падказку, я дазволіў ёй разгарнуцца і прывесці да ўсведамлення цялесных адчуванняў (вага пачкаў паперы, якія я нёс, напружанне спіны, калі я ўглядаўся у неба) – у памяці і ў рэжыме рэальнага часу. Гэтае занурванне ў фізічны досвед дапамагло вярнуць мне пачуццё жыцця і энергіі. У галаве ўзніклі некалькі трапных слоў. Я адкрыў гэты файл і пачаў друкаваць. Добры дух “нясе палёгку і выдаляе перашкоды”.
Звярніце ўвагу на асіметрыю гэтых двух рухаў. Злы дух вядзе да стагнацыі: нічога не адбываецца, перакананасць чалавека робіцца цвёрдай, як камень. Добры дух не проста чыніць усё наадварот, але дзейнічае больш творча, адкрывае новыя далягляды. Нават у тым, што ён у маім выпадку скарыстаўся ўспамінам, прывяло да чагосьці новага і нязмушанага. Апошнім часам я неаднойчы садзіўся пісаць і сутыкаўся з тым самым знеахвочваннем, трывогай і цяжарам. І далёка не адзін раз я быў здольны сказаць сабе: “Гэта ўсё ад злога, адкінь гэта”. Але адкрытае супрацьстаянне не ўдавалася мне, мая бяздзейнасць расцягвалася на цэлыя тыдні. Тое, што я засяроджваўся на стратэгіі адкідання злога духа, трымала мяне пад яго ўплывам. Сёння я дазволіў добраму духу заінтрыгаваць мяне.
Усё напісанае мной дагэтуль базуецца на асобным мікраімгненні аднаго жыцця і на адным пункце сярод шматлікіх іншых, дзе св. Ігнацый разглядае спосабы ўплыву добрага і злога духа. Людзі адрозніваюцца між сабой, і духі маюць нямала варыянтаў уздзеяння, але я думаю, што магу прапанаваць галоўнае правіла: у працэсе прыняцця любых рашэнняў нам лепш прыняць запрашэнне добрага духа, чым супрацьстаяць злому.
“Так, вядома ж”, – згаджаюцца людзі, калі я прыводжу ім маё правіла… і паўтараюць мне наноў усе меркаванні, выкліканыя злым духам, і скардзяцца, як жа нязносна з імі жыць. Насамрэч, цяжка ўтрымацца ад зачаравання кропкай гледжання злога духа і неўпрыкмет не пачаць згаджацца з ёй, неабачліва прысвяціўшы ёй залішне увагі. Тое ж самае мы робім, калі спрабуем праверыць або аспрэчыць злога духа: у дыялогу з д’яблам мы заўсёды прайграем, пачынаем хадзіць па коле, зноў і зноў па тых самых слядах. Асабліва небяспечнай пасткай у наш псіхалагічна кемлівы час з’яўляецца намаганне спасцігнуць, чаму тая ці іншая рэч, якую злых дух “гаворыць” нам, мае над намі моц, г.зн. акрэсліць нашу “паталогію”. Мы спадзяемся, што самапазнанне вызваліць нас, але вельмі часта, пакуль мы стараемся зразумець сябе, мы аддаём злому духу бясконцую прастору свайго сэрца, а Богу пакідаем зусім невялікае месца.
Вось тут я рызыкую трапіць ва ўласную пастку. Я адчуваю патрэбу напісаць аб усіх шляхах, якімі злы дух захапляе і манапалізуе нашую ўвагу. У мяне ёсць цэлая схема яскравых прыкладаў! Але ўсё ж я адмаўляюся даць злому больш прасторы, чым ён заслугоўвае. Таму я выдалю гэтыя пяць бліскучых (можаце мне паверыць) абзацаў і праверу, ці здолею дапісаць артыкул, выбраўшы супрацоўніцтва з добрым духам.
На маё вялікае здзіўленне, гэта патрабуе большых высілкаў. Спатрэбіцца ўся рашучасць і вытрымка ў намеры ісці за натхненнямі добрага духа, асабліва спачатку. Ведаючы, што плады ўзаемадзеяння з ім такія жыццядайныя, стваральныя і цудоўныя, вы можаце падумаць, што кожны чалавек пастараецца скарыстаць любы шанец, каб вырушыць у шлях. Але справа ў тым, што, калі злы дух прыцягвае да сябе ўвагу, добры дух не няволіць нас: як Бог, якому ён служыць, ён вельмі пакорны і дае сябе свабодна, без мітусні.
Тым не менш, добры дух узнагароджвае кожную крышынку ўвагі, якую мы змаглі яму ўдзяліць. Маё мікраімгненне пачало разгортвацца па меры таго, як ўзрастала маё ўспрыманне: спачатку неба і святло, потым успамін, потым словы. І да таго ж, пакуль я пісаў і прыслухоўваўся да добрага духа, паволі саспеў яшчэ адзін плод: Прысутнасць. Цяпер, у гэты момант, Хтосьці прысутнічае ў маім падоўжаным мікраімгненні, Ён побач са мной, і я пазнаю Яго – гэта Езус. Да Яго, такога знаёмага і адначасова незвычайнага, прывёў мяне добры дух. Езус мае ўласныя пачуцці і думкі, а таксама жаданне ўвайсці ў працэс. Зараз мы разам пішам, а потым паразмаўляем.
Злы дух зноў патрабуе маёй увагі: “Зараз ты запэўніваеш, насуперак відавочнаму, што добрага духа заўсёды можна знайсці побач з паўсюдным злым… Ты выдаеш жаданае за сапраўднае!” Але мой вопыт у якасці духоўнага кіраўніка сведчыць аб тым, што добры дух амаль заўсёды прысутны, нават калі дзейнасць злога духа здаецца ўсёабдымнай: практычна заўсёды ёсць самародкі золата сярод бруду, і найменшы водбліск павінен быць выхаплены і прамыты. Пагэтаму варта супрацоўнічаць з добрым духам нават тады – ці асабліва тады! – калі неабходны нестандартны, творчы падыход.
Працягваючы метафару далей: калі здаецца, што ўсё золата знойдзена і вымыта, існуюць спосабы запрасіць добрага духа ў кожнае сваё перажыванне. Назаву толькі тры. Напрыклад, практыка рахунку сумлення, якую прапануе св. Ігнацый: разважлівы прагляд дня вачыма, поўнымі ўдзячнасці. Наступнае – практыка “ўяўнай прысутнасці”: на момант уявіць, што Бог глядзіць на мяне (ДП 75), і назіраць, што будзе далей. Трэцім спосабам будзе размова з Богам або калоквіум (colloquy), як называў гэта св. Ігнацый, заклікаючы гутарыць “як сябра з сябрам”. Менавіта ў такой атмасферы варта расказаць Богу аб досведзе ўплываў злога духа і дазволіць Богу паказаць альтэрнатыўную кропку гледжання. Падобныя практыкі (а іх, вядома, больш за тры) ствараюць новую прастору для дзеяння добрага духа, калі складаецца ўражанне, што ён адсутнічае. Таму нагадваю маё правіла: калі мы распазнаем крыніцы нашых рухаў душы, то лепш супрацоўнічаць з добрым духам, чым супрацьстаяць злому.
Распазнаванне духаў дае нам практычную магчымасць свядома паставіцца да імгненняў, якія ўтвараюць нашае жыццё, разгледзець паасобку разнастайныя складнікі сваіх памкненняў і зрабіць выбар: пакінуць убаку падшэпты злога і прыняць запрашэнне добрага духа. Так мы паступова набліжаемся да Бога, глыбей усведамляем мэту, дзеля якой мы створаныя, і перамяняем досвед у малітву.
Роб Марш SJ з’яўляецца выкладчыкам Кэмпіён Хол Оксфардскага ўніверсітэта
Крыніца (англ.): www.thinkingfaith.org
Фота: Віктар Ведзень