Як паведамляе агенцтва RTE News, 1 красавіка, на світанні велікоднай нядзелі ў доме супольнасці айцоў езуітаў у Ганконгу ва ўзросце 104 гадоў адышоў да Пана а. Джозэф Малін SJ. Гэты святар і місіянер быў апошнім з жывых дзяцей лідараў Велікоднага паўстання 1916 г. у Ірландыі.
Узброенае вызваленчае паўстанне выбухнула ў Дубліне адразу пасля Пасхі, раніцай Велікоднага панядзелка, які ў 1916 г. прыпаў на 24 красавіка.
У гэты ж дзень паўстанцы абвясцілі аб утварэнні незалежнай Ірландскай рэспублікі. Брытанскія войскі выкарысталі супраць паўстанцаў артылерыю і да наступнай нядзелі прымусілі іх здацца. Лідары паўстання, у тым ліку і бацька будучага святара Майкл Малін, былі пакараныя смерцю.
Перад выкананнем прысуду камендант Майкл Малін сустрэўся ў вязніцы са сваёй жонкай і чатырма дзецьмі, сярод якіх быў і будучы святар. Асуджаны паўстанец не ведаў, што ў той час яго жонка была цяжарная пятым дзіцем.
Ён перадаў ёй ліст з кароткімі настаўленнямі для дзяцей, у якім, між іншым, пісаў:
«Джозэф, мой маленькі мужчынка, будзь святаром, калі ўдасца».
Сваёй дачцэ Уне ён даў параду стаць законніцай, якую яна таксама пазней выканала, як і яе брат.
Хоць паўстанне першапачаткова не знайшло падтрымкі шырокіх народных масаў, аднак суровае пакаранне яго лідараў абудзіла нацыянальна-рэлігійную самасвядомасць ірландцаў.
Аддаўшы жыццё за незалежнасць Бацькаўшчыны, яе верныя сыны прыпадобніліся да пшанічнага зерня, якое, паміраючы, дало парасткі новага жыцця.
Велікоднае паўстанне падрыхтавала глебу для далейшай барацьбы, якая праз пяць гадоў прывяла да ўтварэння незалежнай ірландскай дзяржавы.
Святар, які з 1948 г. нёс місіянерскае служэнне ў Ганконгу, у 100-ю гадавіну Велікоднага паўстання атрымаў ганаровую адзнаку Свабоды горада Дубліна, якой былі ўдастоены ўсяго 78 чалавек. Ён адышоў у вечнасць за некалькі гадзін да таго, як у яго на радзіме, у цэнтры сталіцы Ірландыі распачалося памятнае мерапрыемства ў гонар Велікоднага паўстання 1916 г.
Крыніца:
Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў. Catholic.by