У 1528 годзе 37-гадовы Ініга дэ Лаёла прыбывае ў Парыж, каб працягнуць навучанне, распачатае ў Іспаніі. Пакрысе вакол яго як надзвычай неардынарнай асобы збіраецца невялікая група студэнтаў. Гэта П’ер Фабер з Савоі і Францішак Ксаверы з Навары, якія дзялілі з ім адзін пакой, а таксама партугалец Сімон Радрыгес і некалькі іспанцаў.
Адзін па адным яны вырашаюць пад кіраўніцтвам Ігнацыя выканаць Духоўныя практыкаванні. Яны часта сустракаюцца, іх турбуе становішча Касцёла, а таксама ідэйныя рухі, якія хвалююць свет парыжскіх студэнтаў. Яны размаўляўляюць аб боскіх рэчах і часта моляцца разам.
Дзве рэчы здаюцца ім неабходнымі і неадкладнымі: “ведаць Езуса Хрыста, наследаваць Яго і ісці за Ім” і вярнуцца да праўдзівай евангельскай беднасці. Яны складаюць план, які мараць ажыццявіць адразу ж па заканчэнні свайго навучання: разам выправіцца ў Ерусалім. А ў тым выпадку, калі ім не ўдасца гэтага зрабіць, то яны пойдуць у Рым, каб аддаць сябе ў распараджэнне папы для “любой місіі сярод верных або няверных”.
15 жніўня 1534 г. на золку сямёра сатаварышаў узыходзяць на пагорак Манмартр, які ўзвышаецца над Парыжам, і ў капліцы Мучанікаў замацоўваюць свой план асабістымі абяцаннямі падчас Імшы, якую цэлебруе П’ер Фабер, пасвечаны ў святары некалькі месяцаў таму.
У канцы 1536 г. сябры, якіх ужо дзесяць, накіроўваюцца з Парыжа ў Венецыю. Аднак з-за вайны з туркамі ў Святую зямлю не адплывае ніводны карабель. Тады яны ідуць у Рым, і ў лістападзе 1537 г. іх прымае папа Павел ІІІ. Яны пачынаюць служыць Касцёлу, гатовыя да любой даручанай місіі.
Цяпер, калі іх могуць разаслаць “па ўсім свеце”, таварышы прадчуваюць, што іх група можа распасціся. Перад імі ўстае пытанне, якія адносіны ім трэба ўсталяваць між сабой. Відавочнае рашэнне: калі Пан сабраў з гэтулькіх краін людзей вельмі рознага складу думак, то “лепш было б для нас быць такім чынам з’яднанымі і злучанымі ў адзінае цела, каб ніякае фізічнае раздзяленне, якім бы вялікім яно ні было, не магло нас падзяліць”.
Аднак у тую эпоху стаўленне да манаскіх ордэнаў было не самым добразычлівым. Менавіта на іх многія ўскладалі вялікую долю адказнасці за ўпадак Касцёла. І ўсё ж пасля доўгіх развагаў было прынята рашэнне заснаваць новы манаскі ордэн. Праект статута прадставілі папе, які зацвердзіў яго 27 верасня 1540 г. У красавіку наступнага года таварышы Ігнацыя выбіраюць яго сваім настаяцелем («praepositus»).
На працягу астатніх пятнаццаці год свайго жыцця Ігнацый кіруе Таварыствам (ён падтрымлівае перапіску, памеры якой уражваюць: 6800 лістоў) і складае Канстытуцыі новага інстытута. Да дня яго смерці яны практычна завершаны. Першая Кангрэгацыя, якая абярэ пераемніка Ігнацыя, дадасць у гэтую працу апошнія штрыхі і афіцыйна зацвердзіць.
Члены Таварыства, колькасць якіх імкліва расце, разасланыя па ўсім свеце: у хрысціянскую Еўропу, узбуджаную разнастайнымі рухамі Рэфармацыі, а таксама ў землі, адкрытыя іспанцамі і партугальцамі. Францішак Ксаверы выпраўляецца ў Індыю, потым у Японію і памірае на парозе Кітая. Набрэга – у Бразіліі, іншыя – у Конга і Маўрытаніі служаць касцёльнай супольнасці, якая там нараджаецца. Чатыры члены Таварыства прымаюць удзел у Трыдэнцкім саборы, які займаецца рэформай Касцёла.
“Залаты век“
Першае стагоддзе існавання Таварыства пазначана надзычай імклівым развіццём, у прыватнасці ў галіне адукацыі. Колькасць калегіумаў хутка расце, і кіраванне імі – складаны выклік для маладога ордэна, але адначасова яны робяць свой унёсак у колькасны рост Таварыства і яго грамадскі ўплыў: у 1565 годзе ордэн налічваў 2000 членаў, у 1615, калі памёр пяты генерал ордэна – 13112.
Працягваецца місіянерская дзейнасць. Езуіты з’яўляюцца ў Фларыдзе, у Мексіцы, у Перу, на Мадагаскары, на Філіпінах, у Тыбеце… Многія з іх намагаюцца дапамагчы індзейцам, з якімі бязлітасна абыходзяцца еўрапейскія каланізатары. У такім духу засноўваюцца “рэдукцыі” Парагвая.
У Азіі езуіты карыстаюцца вялікай прыхільнасцю. У 1614 г. ў Японіі ўжо больш за мільён хрысціян – да таго моманту, як там пачаўся пераслед Таварыства і хрысціянства ў цэлым. У Кітаі езуіты атрымліваюць ад імператара права абвяшчаць Евангелле, дзякуючы сваім ведам у галіне астраноміі, матэматыцы і іншых навуках.
Поспехі Таварыства на працягу першага стагоддзя яго існавання не маглі не ўзбудзіць супраць езуітаў зайздзрасць, канкурэнцыю і інтрыгі. У многіх выпадках гэтая барацьба была настолькі лютай, што ордэн ледзь не спыніў сваё існаванне. У эпоху, апанаваную барацьбой самых супярэчлівых рухаў, такіх як янсенізм, квіетызм, ідэі Асветніцтва, езуіты прымалі ўдзел ва ўсіх спрэчках. Але гэтыя навуковыя баталіі, у якіх адзначыліся тэолагі, не павінны засланяць ад нас евангелізатарскую працу, якая працягвалася ўвесь час. У XVII і XVIII стагоддзях у розных еўрапейскіх краінах расце колькасць “народных місій”, мэтай якіх было развіццё хрысціянскай адукацыі там, дзе насельніцтва, з’яўляючыся хрысціянскім, на самай справе не мела доступу да катэхізацыі.
Апазіцыя Таварыству двароў буйных каталіцкіх манархій Еўропы (Іспаніі, Партугаліі, Францыі) прымусіла папу Клімента XIV скасаваць ордэн у 1773 годзе. Апошні генерал ордэна быў пасаджаны ў рымскую турму, дзе і памёр праз два гады.
Таварыства ў ХIХ і XX стагоддзях
Скасаванне ордэна працягвалася сорак год. Закрыліся калегіумы, місіі, спыніліся ўсе разнастайныя пачынанні. Езуіты былі далучаны да дыяцэзіяльнага духавенства. Аднак, па розных прычынах, Таварыства працягвала існаваць у некаторых краінах: у Кітаі і ў Індыі, дзе захавалася некалькі місій, у Прусіі, а таксама ў Расіі, дзе Екацярына ІІ адмовілася публікаваць дэкрэт папы. Такім чынам ўсё тое, што Таварыства распачало рабіць на тэрыторыі Расійскай імперыі, магло трываць далей і развівацца.
Таварыства было адноўлена ў 1814 годзе. Зноў пачалася традыцыйная апостальская праца. Новы росквіт атрымліваюць калегіумы. Ва ўмовах прамысловай рэвалюцыі вядзецца інтэнсіўная праца ў галіне тэхнічнай адукацыі. Калі напрыканцы ХІХ ст. ўзнікаюць рухі свецкіх, езуіты прымаюць удзел у кіраўніцтве імі.
Працягваецца інтэлектуальная дзейнасць, між іншым ствараюцца новыя перыядычныя выданні. Неабходна, у прыватнасці, адзначыць французскі часопіс “Études”, заснаваны ў 1856 г. а. Іванам-Ксаверыем Гагарыным, выхадцам з Расіі. Важнай ініцыятывай стала стварэнне цэнтраў грамадскіх даследванняў для вывучэння новых сацыяльных феноменаў і спосабаў уплыву на іх. У 1903 г. была створана арганізацыя “Народнае дзеянне” (Action Populaire), пакліканая садзейнічаць зменам сацыяльных і міжнародных структур і дапамагчы рабочым і сялянам у іх калектыўным развіцці. Многія езуіты займаюцца таксама фундаментальнымі даследваннямі ў галіне прыродазнаўчых навук, якія перажывалі свой уздым у ХХ стагоддзі. Найбольш вядомы з іх – палеантолаг, філосаф і тэолаг П’ер Тэяр дэ Шардэн.
Езуіты працуюць і ў галіне масавай камунікацыі. Напрыклад, на Ватыканскім радыё з моманту заснавання і па сённяшні дзень.
Другая сусветная вайна стала для Таварыства, як і для ўсяго свету, пераходным перыядам. У пасляваенны час узнікаюць новыя пачынанні. Езуіты ўдзельнічаюць у стварэнні “працоўнай місіі”: святары працуюць на заводах, каб падзяляць умовы, у якіх жывуць працоўныя масы і дазволіць Касцёлу прысутнічаць там, дзе яго раней не было.
Развіваюцца тэалагічныя даследванні. Французскія езуіты вяртаюцца да вытокаў, вывучаючы тэалогію Айцоў Касцёла, і рыхтуюць першае навуковае выданне грэцкіх і лацінскіх твораў старажытных хрысціянскіх аўтараў, замест колішняга выдання Міня: гэта збор “Хрысціянскіх крыніц” (“Sources Chrétiennes”). Праца над ім працягваецца і ў наш час. Іншыя тэолагі-езуіты сталі вядомымі ў сувязі з Другім Ватыканскім Саборам: а. Карл Ранер у Германіі, а. Бернард Лонерган, выкладчык у Таронта і Рыме.
Яшчэ адна важная сфера – экуменічная дзейнасць. ІІ Ватыканскі Сабор надаў ёй магутны імпульс. Адным з піянераў у гэтым накірунку быў а. Аўгустын Бэа (пазней кардынал).
Пасля Сабора Таварыства ўсвядоміла неабходнасць паставіць новыя прыярытэты ў сваёй дзейнасці. У 1965 г. адбылася 31-я Генеральная Кангрэгацыя, якая выбрала новага генерала, а. Пэдро Арупэ, а таксама пачала разважаць над неабходнымі зменамі (фармацыя, спосаб апостальства, функцыянаванне Таварыства і інш.)
Праз 10 год а. Педро Арупэ вырашыў склікаць 32-ю Генеральную Кангрэгацыю, каб глыбей задумацца аб місіі Таварыства ў сённяшнім свеце. Гэтая Кангрэгацыя, зацвердзіўшы сваімі дэкрэтамі першараднае значэнне місіі “служэння веры”, што было вызначана 31-й Кангрэгацыяй, вылучыла і другую задачу – садзейнічаць справядлівасці ў свеце. Ужо і раней многія члены Таварыства Езуса, выходзячы за звычайныя межы свайго і без таго рознабаковага паклікання, уключаліся ў сферу грамадскай дзейнасці дзеля ўсталявання больш справядлівага грамадства і абароны праў чалавека. Але тое, што ў мінулым лічылася справай асобных членаў, адгэтуль пасля афіцыйных дэкрэтаў Кангрэгацыі, стала касцёльнай місіяй Ордэна разам з місіяй супрацьстаяння атэізму. Таму чацвёрты дэкрэт, прыняты гэтай Кангрэгацыяй, носіць назву “Нашая місія сёння: служэнне веры і садзейнічанне справядлівасці”.
Неаднаразова выказвалася меркаванне, што разам са знікненнем веры ў Бога знікае і павага да чалавека, што гуманізм і сацыяльная справядлівасць маюць хрысціянскія карані. Але ўпершыню ў гісторыі Касцёла рэлігійны ордэн спалучыў у сваім служэнні гэтыя дзве місіі: абарону веры і абарону годнасці чалавека, усталяванне справядлівасці ва ўсіх частках свету сярод усіх народаў, незалежна ад веравызнання, культуры, палітычнага ладу, расавай прыналежнасці.